Цікавыя падзеі Брэсцкага рэгіёна

24 августа 2019

Беларускія прадукты сталі часцей падрабляць на еўразійскім рынку. З аднаго боку - гэта камплімент якасці тавараў. З іншага - стварае праблемы для нашых вытворцаў. Пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца падчас гандлю за мяжой, размаўлялі падчас пасяджэння блока па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі. Брэст стаў першым абластным цэнтрам, дзе прайшла такая сустрэча. Гэта і іншыя цікавыя падзеі Брэсцкага рэгіёна - далей у дайджасце. 

Беларускія вытворцы ўсе часцей сутыкаюцца з падробкамі і нядобрасумленнай канкурэнцыяй за мяжой. У Брэсце прайшло першае пасяджэнне блока па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі. Зараз на разглядзе арганізацыі - 11 спраў ад беларускіх кампаній. Праблемнае поле Еўразійскай эканамічнай камісіі шырокае, але перш за ўсё, гэта барацьба з любога кшталту бар'ерамі на шляху прадпрыемстваў - ад правядзення дзяржаўных закупак і ветэрынарнага кантролю да прамысловай палітыкі і тэхнічнага рэгулявання.

Трэці па ліку турнір па настольным тэнісе сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі прайшоў у Брэсце. Там даказваюць: спорт - гэта добрая магчымасць выйсці ў свет, паказаць сябе і проста сацыялізавацца. І такой магчымасцью карыстаюцца ўсе больш людзей. У першым турніры ўдзельнічалі ўсяго 4 чалавекі, цяпер - 8. І гэта сапраўднае дасягненне, лічаць арганізатары

Спорт і добрую справу спалучылі і падчас акцыі ў падтрымку бяздомных жывёл. На вяслярным канале прайшоў забег, галоўныя ўдзельнікі якога сабакі. На дыстанцыю 500 і 1000 метраў выйшлі і іх гаспадары. Усяго больш за 30 чалавек разам са сваімі гадаванцамі розных парод. Усім ахвочым прапанавалі ўзяць на выхаванне сабак і катоў, якія трапілі ў пункт утрымання бяздомных жывёл. 

Першы фестываль гісторыі і культуры «Улмус» прайшоў у Брэсце. На тэрыторыі больш за 20 гектараў разгарнулі 10 зон актыўнасці. Сярод іх бібліятэка пад адкрытым небам, культурныя лекцыі і тэатр. Фестываль даў старт культурнаму жыццю гарадскога саду. Гэта стала першым мерапрыемствам, якое праходзіць з моманту яго рэканструкцыі. 

Аднаўленне гарадскога саду працягваецца. І ён усё больш прырастае новымі арт-аб’ектамі. Урачыстае адкрыццё парку адбудзецца падчас святкавання тысячагоддзя горада.