Інстытут лесу Акадэміі навук Беларусі адзначыў 85-годдзе

21 ноября 2015

У Гомелі яго адкрылі ў 1930-м для практычнай дапамогі лясной гаспадарцы. Сёння вучоныя інстытута займаюцца генетычнымі даследаваннямі ДНК дрэў. У будучым гэта дапаможа вырошчваць каштоўныя для продажу пароды, устойлівыя да змянення клімату. Рэпартаж Марыны Севяр'янавай.

Сёння адна з актуальных праблем лясной гаспадаркі – змяненне клімату. Як вынік - з’яўленне новых шкоднікаў і хвароб, гібель традыцыйных для рэгіёна раслін. Гомельскія вучоныя адны з першых пачалі займацца генетычнымі даследаваннямі. Ужо расшыфраваны гены многіх дрэў, каштоўных для экспарту.

На паліцах лабараторыі інстытута - ужо гатовыя мікраклоны дрэў. Дзмітрый Кулагін працуе тут ужо сем гадоў. Пасля ўніверсітэта зацікавіўся генетычнымі даследаваннямі. Зараз займаецца вывучэннем карысных уласцівасцяў элітных сартоў таполі. Гэта каштоўнае, але цеплалюбівае дрэва. Ва ўмовах змянення клімату яго можна будзе вырошчваць маштабна. Драўніна пойдзе на паліва і піламатэрыялы.

Некалькі гадоў таму вучоныя Інстытута лесу атрымалі грант на куплю ўнікальнага абсталявання – персанальнай геномнай машыны. Яна дазваляе расшыфроўваць ўсе гены дрэва адначасова. Даследаванні вельмі дарагія – звыш 30 мільёнаў кожнае. На іх правядзенне трэба атрымліваць асобны грант. Але ўся работа – на перспектыву. Каб атрымаць дрэвы з неабходнымі ўласцівасцямі.

У Гомельскай вобласці лес займае плошчу больш чым 2 мільёны гектараў. І гэта першае месца сярод іншых рэгіёнаў краіны. Але галоўнае, кажуць леснікі, вырасціць высакасортны лес. А потым экспартаваць яго. У выглядзе піламатэрыялу, а не бярвення.

Лясная гаспадарка, як і любая іншая галіна, павінна прыносіць прыбытак. Сёння ў рэгіёне амаль 40% лясістасці. Павелічэнне плошчы лясоў не прадбачыцца. Прымяненне селекцыйнага пасадачнага матэрыялу дазволіць на 20% павялічыць прадукцыйнасць будучых лясоў. Атрымаць якасную драўніну – гэта яшчэ не ўсё. Важна выгадна прадаць лесаматэрыялы.

Ужо зараз прадукцыя дрэваапрацоўчых камбінатаў Гомельскай вобласці папулярная не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах. Поўнасцю адмовіцца ад экспарту круглых лесаматэрыялаў тут плануюць ужо праз некалькі гадоў.