Інавацыйныя тэхналогіі і пашырэнне геаграфіі экспарту

28 мая 2016

Беларускія вытворцы буйной пасажырскай тэхнікі пашыраюць лінейку прадукцыі. Так, нядаўна былі прэзентаваныя адразу дзве навінкі беларускага аўтапрама: аўтобус апошняга экалагічнага стандарта "Еўра-6" і першы айчынны электробус. Павялічыць пастаўкі за мяжу ў два з паловай разы сёлета плануе МАЗ - найбуйнейшы вытворца грузавой і пасажырскай тэхнікі ў краіне. Прыярытэтныя рынкі – Расія, краіны Еўрасаюза і Лацінскай Амерыкі. Сёлета на экспартнай карце паставак беларускай тэхнікі з'явіліся і новыя пункты – краіны Персідскага заліву: Кувейт і Аман. Надзея Сербіненка – пра інавацыі на колах.

Першы грамадскі транспарт на акумулятарах пачне курсіраваць па вуліцах сталіцы ўжо сёлета. Зараз Белкамунмаш працуе над выпускам электробусаў сумесна з кітайскімі партнёрамі. У планах кампаніі - забяспечыць патрэбы Беларусі ў электратранспарце і выйсці на сусветны рынак.

Зараз інжынеры і канструктары актыўна працуюць над важкім партфелем заказаў: да канца года трэба сабраць 20 электробусаў. Два першыя экзэмпляры будуць перавозіць пасажыраў на самых папулярных гарадскіх маршрутах – №1 і №100. Акрамя таго, новым экалагічным транспартам беларускай вытворчасці ўжо зацікавіліся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Белградзе і Кішынёве.

У якасці новай крыніцы энергіі электробус выкарыстоўвае так званыя суперкандэнсатары. Надзвычай ёмістыя акумулятары могуць цалкам зарадзіць машыну ўсяго за 10 секунд. Падзаражаць сваю батарэю электробус будзе на прыпынках - падчас пасадкі-высадкі пасажыраў.

Актыўна ўкараняе інавацыі і Мінскі аўтамабільны завод. Некалькі месяцаў таму ў Польшчы прэзентавалі першы беларускі аўтобус экалагічнага стандарту "Еўра-6". Эканорма рэгулюе ўтрыманне шкодных рэчываў у выхлапных газах. «Зялёны» транспартны стандарт дзейнічае ва ўсіх дзяржавах Еўрасаюза. Пад экалагічныя патрабаванні сучаснага рынку своечасова прыстасаваўся і МАЗ. Для завода галоўны арыенцір – экспарт.

МАЗ цесна супрацоўнічае і з Кубай. Сумесныя праекты абмеркавалі і падчас візіту на завод першага віцэ-прэзідэнта рэспублікі Мігеля Марыа Дзіяса-Канэля Бермудэса. У мінулым месяцы быў заключаны кантракт на пастаўку кубінцам тэхнікі МАЗа амаль на чатыры мільёны еўра. Да таго ж, у жніўні на Кубе з'явіцца новы зборачны цэх па выпуску кабін.

Мігель Марыа Дзіяс-Канэль Бермудэс, першы намеснік старшыні Дзяржаўнага савета і Савета міністраў Кубы:

«Беларуская аўтамабільная тэхніка прысутнічае ва ўсіх галінах эканомікі нашай краіны - на вуліцах Гаваны курсіруе шмат беларускіх аўтобусаў, мы таксама актыўна выкарыстоўваем і вашу грузавую тэхніку - цягачы, прычэпы, грузавікі, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і будаўніцтве. Ваша тэхніка вельмі надзейная”.

Зараз на МАЗе актыўна працуюць над пашырэннем геаграфіі паставак. Павелічэнне аб'ёму экспарту ўдвая дазволіць рэалізоўваць паўтары тысячы адзінак тэхнікі. Акрамя краін Заходняй Еўропы і Лацінскай Амерыкі, беларуская тэхніка адправіцца ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і ўпершыню ў Аман і Кувейт.