8-ы міжнародны пленэр разьбяроў прайшоў ў Гродне

20 августа 2016

8-ы міжнародны пленэр разьбяроў прайшоў ў Гродне. На працягу тыдня вядомыя майстры з Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны і розных куткоў Беларусі ўвасаблялі свае фантазіі ў дрэве. Кожны год арганізатары мерапрыемства выбіраюць новую тэму для пленэра. Гэтым разам разьбяроў аб’яднала тэма “Жывая казка”. Вольга Капковіч убачыла творчы працэс і ацаніла вынікі працы разьбяроў.

Кошт гэтых прац, асабліва за мяжой, дасягае некалькіх тысяч еўра. Але паводле традыцыі пленэра, каштоўныя ва ўсіх сэнсах творы застаюцца ў Гродне - як падзяка за творчую атмасферу.

Усяго за тыдзень старажытныя дубы ператварыліся ў фантастычныя выявы. Гэтага часу для вопытных майстроў дастаткова, каб стварыць казку з бервяна. Самае складанае - пачаць працу.

Валерый прыехаў на міжнародны пленэр за 1 тысячу 300 кіламетраў. Гэта ўжо 2-гі візіт разьбяра ў Гродна. У чарговы свой удзел майстар вырашыў пайсці іншым мастацкім шляхам і адмовіўся ад ідэі рускіх казак. За тыдзень філосаф з Расіі стварыў скульптуру Нільса з дзікімі гусямі.

Як падзяліліся ўдзельнікі пленэру, прафесійна разьбярству яны нідзе не вучыліся. Іх уменне – вынік дзесяцігоддзяў практыкі. Большасць мастакоў пачыналі свой творчы шлях у дзяцінстве.

Акрамя Нільса з дзікімі гусямі, на пленэры з’явіўся Дзядзька-Чарнамор, чароўныя арэлі і іншыя дзівосныя скульптуры з дрэва. Каб казачныя героі як мага даўжэй прастаялі на свежым паветры, рабілі іх выключна з дубу, які таксама захоўвае ў сабе казку.

Сустрэча пад Гроднам ужо восьмая. Свае ўнікальныя ўменні і фантазіі ў дрэве дэманстравалі вядомыя майстры з Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі і Украіны. Арганізатары спадзяюцца, што у наступным годзе да іх далучацца і разьбяры з іншых куткоў свету.