Гродна да зімы гатова

21 Лістапада 2015

Цеплавыя сеткі заменены і адрамантаваны, а гарадскія маршруты прайшлі неабходныя тэхагляды. Пра аўтамабілістаў і пешаходаў камунальнікі таксама не забылі: для навядзення парадку на дарогах і тратуарах у зімовых умовах набытая новая тэхніка, нарыхтаваныя спецыяльныя сумесі, каб нават у самыя марозныя і снежныя дні жыццё горада не было паралізавана. Ацаніла гатоўнасць да зімы Вольга Капковіч.

Да сцюдзёнай пары тралейбуснае ўпраўленне рыхтуецца па ўсіх пазіцыях. Напярэдадні зімы тут не толькі праводзяць узмоцнены тэхагляд транспарту. Нават робяць прышчэпкі ад грыпу ўсім вадзіцелям.

Увесь парк грамадскага транспарту горада ўжо гатовы да першага снегу. "Пераабуваць" сотні машын няма патрэбы – яны ездзяць на “ўсесезонцы”. А вось гаспадары прыватнага транспарту па традыцыі чакаюць першых снегападаў і слізкага пакрыцця – чэргі на шынамантаж пакуль выключэнне.

Самая маштабная падрыхтоўка да зімы ў камунальнікаў. Каб першы снег не стаў нечаканасцю, рыхтавацца пачынаюць яшчэ летам. Ужо назапасілі амаль 20 тон пясчана-салявой сумесі, сотні адзінак спецтранспарту чакаюць свой выхад на лінію. Такіх аб’ёмаў і магутнасцяў павінна хапіць, каб 360 кіламетраў гарадскіх дарог трымаць чыстымі і бяспечнымі.

Для вырашэння экстранных сітуацый, якія могуць узнікнуць са снегападам, гарадская ЖКГ заключыла дагаворы з прадпрыемствамі, каб мець магчымасць карыстацца дадатковай тэхнікай. Гэта яшчэ плюс 130 машын.

Да таго ж, спецаўтагаспадарка закупіла дадатковую тэхніку для пасыпання і ачысткі тратуараў. Яшчэ набытая сучасная машына для размеркавання пясчана-салявой сумесі.