Гродна. Дайджэст навін

26 августа 2017

Узброеныя комплексы і 160 салдат і афіцэраў - гродзенскія ваеннаслужачыя адправіліся амаль за 2 з паловай тысячы кіламетраў на тактычныя вучэнні ў Астраханскую вобласць.

Вучні некалькіх гродзенскіх школ з 1 верасня змогуць заказваць абед праз Інтэрнэт. А ў Зельве сёння праходзіць вялікі Ганненскі кірмаш і, нарэшце, незвычайная мастацкая выстава творцаў з Расіі, што ствараюць свае карціны не толькі фарбамі, дапаўняюць жывапіс старымі манетамі, аплаўленымі свечкамі і нават абгорткамі ад цукерак. Гродзенскі дайджэст – у Дзмітрыя Смірнова.

Марш-кідок працягласцю амаль у дзве з паловай тысячы кіламетраў. З Гродна на ваенны палігон Ашулук, што ў Астраханскай вобласці, для ўдзелу ў тактычных вучэннях адправіліся больш за 160 салдат і афіцэраў 1-га зенітна-ракетнага палка. Увесь шлях зойме 5 дзён на цягніку. З сабой беларускія зенітчыкі-вайскоўцы ўзялі не толькі асабістыя рэчы, але і тэхніку.

IT-інавацыі ўсё больш пашыраюць свой уплыў і робяць паўсядзённае жыццё больш простым. Адразу некалькі школ Гродна ўключыліся ў электронны эксперымент. Пачынаючы з верасня, заказ на любімы і карысны абед можна будзе накіраваць непасрэдна школьнаму шэф-повару праз Інтэрнэт! Пакуль існуюць 4 кулінарныя IT-меню – для розных дыет і па розных цэнах.

“Восень. Дамы прыляцелі”. Незвычайная назва для незвычайнай выставы. Расійскі мастак прывёз ў Гродна карціны, якія створаны не толькі традыцыйнымі фарбамі, але – што асабліва цікавіць гледачоў – з выкарыстаннем старых манет, аплаўленых свечак і нават абгортак ад цукерак. Усе гэтыя складальнікі паказваюць вобразы лёгкіх і натхнёных жанчын, што лятаюць па небе, снедаюць на траве ці сядзяць на дрэвах. Як прызнаецца сам мастак, эксперымент - неабходная частка працы кожнага творцы.

Найбуйнейшы аўтэнтычны кірмаш Гродзенскай вобласці. У гэтыя дні ў Зельве праходзіць знакаміты Ганненскі кірмаш. Яшчэ ў 16 стагоддзі сюды з’язджаліся купцы, сяляне, цыганы і нават замежныя госці. Але вядомасць ён атрымаў дзякуючы продажу коней – тут іх выстаўлялі тысячамі. Сёння гэта свята зноў робіцца візітнай карткай Зельвенскага раёна.