Гродзенская пушча пашыраецца

3 декабря 2016

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Гродзенская пушча” пашыраецца. Гаворка ідзе пра змены межаў, плошчаў і складу зямель каштоўнага прыроднага комплексу. Рэформы зацверджаны новай рэдакцыяй пастановы Савета міністраў, заснаванай на законе “Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях”. Вольга Пілянчук - больш падрабязна.

Літаральна праз месяц гродзенскі заказнік атрымае новы прыродаахоўны ўзровень. У 2017 пушчанскія лясы набудуць статус “асабліва ахоўных”. Такія змены прадыктаваны сусветнымі стандартамі. Згодна з імі, лясныя тэрыторыі штогод праходзяць міжнародны аўдыт, які закліканы захоўваць некранутасць тэрыторый і ўнікальныя віды жывёл і раслін.

Заказнік у якасці месца жыхарства абралі многія віды жывёльнага свету. Сярод іх чырвоны каршун – самая рэдкая драпежная птушка, якая гняздуецца.

Паводле ўмоў праекта, птушкам на спіну размесцяць спадарожнікавыя перадатчыкі. Дзякуючы ім міжнародная група арнітолагаў будзе назіраць за прадстаўнікамі рэдкага віду і атрымае каштоўныя звесткі наконт арэола распаўсюджвання і шляхоў міграцый чырвонага каршуна.

Хутка ў склад Гродзенскай пушчы ўвойдуць землі ляснога фонду Аўгустоўскага, Сапоцкінскага і Гожскага лясніцтваў Гродзенскага раёна, а таксама землі запасу – гэта ўчасткі рэк Нёмана, Чорнай Ганчы і фонды Гродзенскага лясгаса. Агульная плошча пушчы складзе больш чым 20 тысяч гектараў. Зараз па новых межах заказніка спецыялісты размяшчаюць спецыяльныя інфармацыйныя знакі.