Гродзенская вобласць завяршае збор залатога ўраджаю

22 октября 2016

Мясцовыя яблыкі цэняцца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, сёлета яны асабліва ўрадзілі. Сакавітыя плады накіруюць на захоўванне, з іх зробяць натуральныя сокі і пюрэ, а частка адразу трапіць на сталы беларусаў.

Пра смак гродзенскіх яблыкаў раскажа Вольга Капковіч. У гэтай гаспадарцы пад сады адвялі больш за 100 гектараў. Элітныя яблыні пераважна беларускай селекцыі. Усяго некалькі дзясяткаў сартоў забяспечваюць рэкордны ўраджай - да 40 тон з гектара. Каб сабраць такія аб’ёмы, нават запрашаюць жыхароў суседніх вёсак.

Пастаянны тэмпературны рэжым, бесперапыная вентыляцыя і пэўная вільготнасць. У гаспадарцы створаныя ідэальныя ўмовы для захоўвання сакавітага ўраджаю. Але практыка паказвае: гродзенскія яблычкі не залежваюцца. Сваю прадукцыю гаспадарка пастаўляе як на ўнутраны, так і на знешні рынкі.

Вытворцы сокаў, джэмаў і пюрэ таксама працуюць з поўнай загрузкай. На Гродзенскім кансервавым заводзе за суткі перапрацоўваюць 30 тон яблыкаў.

Завяршыць перапрацоўку яблыкаў спецыялісты плануюць разам з заканчэннем збору ўраджаю. Ужо ў лістападзе гаспадаркі пачнуць рыхтаваць сады да зімоўкі.

Частка свежага ўраджаю адразу накіруецца на паліцы магазінаў. Спецыялісты спадзяюцца, што гродзенскае яблычка дакоціцца да пакупнікоў па смачным кошце. І запрашаюць набыць сакавіты прадукт па зніжанай цане на штотыднёвых восеньскіх кірмашах.