Грыбны сезон у Брэсцкім рэгіёне

30 сентября 2017

Адна з галоўных тэм верасня - грыбы. Пра небывалы ўраджай баравікоў сведчаць сотні фотаздымкаў і ў сацыяльных сетках. І калі аматары ціхага палявання атрымліваюць асалоду ад збору грыбоў, то медыкі і ратавальнікі - на варце. У гэты перыяд людзі ў лясах могуць заблукаць, фіксуюцца і атручэнні грыбамі. Вікторыя Патоня пацікавілася, як грыбны сезон праходзіць у Брэсцкім рэгіёне.

Грыбнік з 40-гадовым стажам Вячаслаў Сабатовіч грыбы знаходзіць амаль заплюшчанымі вачыма. Як чалавек вясковы і работнік лясніцтва, ён добра ведае грыбныя месцы. На ціхае паляванне выходзіць хутчэй дзеля азарту. Перавагу аддае якасці трафеяў.

Верасень аказаўся шчодрым на грыбы. Не збіраў іх толькі лянівы. Для некаторых грыбнікоў - гэта магчымасць і падзарабіць. Адны гандлююць ля шашы, другія нясуць на рынак або здаюць у пункты нарыхтоўкі, арганізаваныя аблспажыўкааперацыяй.

Круглы год грыбы растуць на гэтым прадпрыемстве пад Брэстам. Яно з’яўляецца самым буйным па вырошчванні шампіньёнаў на прасторах СНД. Рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны з беларуска-англійскімі інвестыцыямі пастаянна пашырае плошчы і аб’ёмы прадукцыі. Львіная доля далікатнага прадукту ідзе на экспарт у Расію.

Шампіньёны - грыбы непераборлівыя. Растуць на кампосце з торфам і паспяваюць за 2 тыдні пры пэўным мікраклімаце: тэмпературы каля 20 градусаў і высокай вільготнасці. Прадугледжаны аўтаматычны паліў, каб грыб рос як на дражджах.

На прадпрыемстве перакананы - вырошчваць шампіньёны выгадна. За месяц атрымліваюць больш за 6 соцень тон свежых грыбоў. У цэхах прадукт збіраюць па заходніх тэхналогіях, прарэджваюць і фасуюць. Плануецца павелічэнне аб’ёмаў, тут будуецца новы цэх. У наступным годзе з’явяцца і дадатковыя рабочыя месцы.

І калі на прадпрыемстве грыбны год бясконцы, то лес радуе сваімі дарамі сезонна. Зараз так званая трэцяя хваля збору грыбоў. Самая працяглая. І тут напагатове ратавальнікі і медыкі. Людзі часцей блукаюць у лесе і не могуць самастойна знайсці дарогу дадому. Паводле слоў эпідэміёлагаў, у разгар грыбнога сезона ў рэгіёне пачасціліся выпадкі ўкусаў кляшчоў і атручэння грыбамі.

Сёлета многія беларусы пабілі ўласныя рэкорды па зборы і нарыхтоўцы грыбоў. На старонках сацыяльных сетак і ў стужках навін безліч фота грыбоў-гігантаў і велізарных кошыкаў з дарункамі лесу. Паводле слоў спецыялістаў, грыбны сезон у Беларусі працягнецца да сярэдзіны кастрычніка.