Гомельскі мастак стварае незвычайныя кампазіцыі з металу

21 сентября 2019

З-пад яго рукі выходзяць жывапісныя творы ў стылі фэнтэзі і сцімпанкаўскія працы ў тэхніцы трэш-арт. Свой кірунак у мастацтве ён шукаў усё жыццё. А сёння ў яго скарбонцы - больш за 3 тысячы работ. Пры гэтым творчы почырк імправізатара ўжо вядомы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

З нестандартным мастаком пазнаёмілася Ганна Кавалёва. Запчасткі ад катла, стары лічыльнік і патрон. У будучыні з гэтага атрымаецца інтэр'ерная настольная лямпа. Сяргей Каўрыга можа нават кучу металалому ператварыць у карысны прадмет або ў твор мастацтва ў стылі сцімпанк.

Дзвярная ручка, аўтамабільныя запчасткі, шасцярэнькі. А ўсе разам гэтыя дэталі атрымалі фантастычную назву - панэль кіравання машынай часу. На яе стварэнне спатрэбілася тры тыдні. Элементы будучага шэдэўра аўтар знаходзіць у няспраўным прасе або ў старым веласіпедзе. Часам цікавую дэталь сустракае прама пад нагамі на вуліцы. У метале ўвасабляе не толькі прадметы побыту, цягнікі ці гадзіннікі, але і жывых істот. Зараз у яго мастацкім багажы - больш за тры тысячы работ. Працаваць з запчасткамі вучыўся ў радыётэхнічным інстытуце і ў перыяд работы на радыёзаводзе. А калі атрымаў спецыяльнасць мастака-афарміцеля, стаў спалучаць і інжынерныя, і мастацкія навыкі.

За час мастацкай кар'еры Сяргей таксама паспеў паўдзельнічаць у роспісе трох храмаў, у тым ліку Кафедральнага сабора ў Гомелі. Працаваў на 11-метровай вышыні. Займаўся рэстаўрацыяй старадаўніх абразоў. Вядомы Сяргей сваімі ўласнымі аўтарскімі абразамі. Частка з іх зараз экспануецца ў выставачнай зале найбуйнейшай бібліятэкі рэгіёна.

Увогуле на рахунку Сяргея больш за 30 выстаў як у Беларусі, так і за мяжой. У тым ліку на Арт-Экспа ў Нью-Ёрку. Таксама яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Еўропе, Азіі, Амерыцы і Аўстраліі. Нядаўна кампазіцыі вярнуліся з экспаніравання ў сталічным Палацы Рэспублікі.