Гомельскі хімічны завод адзначыў 50-гадовы юбілей

19 декабря 2015

Зараз гэта адно з вядучых прадпрыемстваў нафтахімічнай галіны Беларусі, дзе вырабляюць мінеральныя ўгнаенні з утрыманнем фосфару. Прадпрыемства не толькі поўнасцю забяспечвае патрэбы айчынных сельгасвытворцаў, але і пастаўляе да 60% вырабленага на экспарт. Сёлета, напрыклад, выручка ад знешняга гандлю перавысіла 160 мільёнаў долараў.

Сёння доля Гомельскага хімічнага завода на сусветным рынку фосфарных угнаенняў складае каля 10%. Пры гэтым на прадпрыемстве падкрэсліваюць: утрымаць гэты рынак ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі няпроста. А таму мадэрнізацыя, якая праводзіцца, - не самамэта, а жыццёвая неабходнасць. Інвестпраект па рэканструкцыі цэха фосфарнай кіслаты, які адкрылі сёлета, рэалізавалі за тры гады. У яго аснове - новыя распрацоўкі вядучага расійскага інстытута ў гэтай галіне, а таксама вынікі даследаванняў, праведзеных на іншых заводах.