Гамяльчанка вяжа кручком і спіцамі разнастайныя цацкі

6 февраля 2016

Гамяльчанка Юлія Цалкова вяжа кручком і спіцамі разнастайныя лялькі ды цацкі. У вязанай калекцыі чаго толькі няма - пальчыкавыя тэатры вядомых казак, рукавіцы для сталых з выявай закаханых, ірландскія шалі і многае іншае.

З майстрам-рамеснікам сустрэўся Яўген Пабалавец. Юлія Цалкова з лёгкай творчай рукі цешыць родных сваім майстэрствам па вязанні кручком і спіцамі. У калекцыі чаго толькі няма - цацкі для развіцця дробнай маторыкі дзяцей, пальчыкавыя тэатры вядомых казак, рукавіцы з выявай закаханых, ірландскія шалі і паўночныя шаманы - аленяводы.

На адной з выстаў талент гамяльчанкі ацанілі расіяне і зрабілі заказ на 65 тыграў і столькі ж леапардаў для прэзентацыі аднаго мультфільма. Працавалі над заказам месяц, прыйшлося прыцягваць нават сваіх сябровак-рамесніц. Потым, заказ на цэлую футбольную каманду - суддзя, варатар і гульцы. Для душы Юлія часта выконвае просьбы і сваіх родных. Сын папрасіў мішку як у дзяцінстве, са штучнымі латкамі. А муж - саву. Каб як на Поўначы.

Любоў да Поўначы ў сям’і з дзяцінства. Уладзіслаў там бавіў час у бабулі на канікулах. Зараз улетку разам з сынам робяць сплавы па рэках на лодках. Таму так шмат цацак, што нагадваюць пра Поўнач. Там шукаюць натхненне. Вяртаюцца дадому - і зноў за работу.

Зараз Юлія дапрацоўвае вось такую цацку - турыста. Гэта будзе сапраўдны бард, з гітарай і ў фірменным світары. Прэзентуе яго майстар-рамеснік 27 лютага на выставе ў Гомелі.