Гамяльчанін выразае з дрэва арыгінальных рыб

28 июля 2018

А вядомыя беларускія мастакі малююць на іх свае карціны. На рахунку майстра ўжо каля тысячы работ. Частка знаходзіцца ў прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой. А самыя арыгінальныя ператварылі пакоі кватэры ў выставачную галерэю. У ёй пабывала Ганна Кавалёва і ўбачыла, як ствараюцца ўнікальныя для Беларусі творы мастацтва.

За 10 гадоў Уладзімір Кончыц сотні непрыкметных дошак ператварыў ў творы мастацтва. З часам згубіў лік работам, але памятае кожную. Зараз яго кухня нагадвае акварыум: усе сцены абвешаны рыбамі. Каб знайсці вобраз кожнай з іх, калісьці даводзілася перачытаць шмат кніг. У выніку, кажа, і сам стаў крыху іхтыёлагам.

Перш за ўсё - выбраць матэрыял: дрэва пасля прамысловай сушкі. Перавага - сасне, клёну і ясеню. Выбраць вобраз, зрабіць папяровы эскіз і выразаць грубую мадэль. Далей справа за дэталямі.

Гэта бервяно - будучая рыба-сонечнік. Каб ажывіць матэрыял, майстру спатрэбяцца некалькі дзён, лобзік, наждак і стамескі.

Часам праходзіць і тыдзень - у залежнасці ад задумкі. Ёсць і маналітныя працы, і больш складаныя, створаныя шляхам сумяшчэння асобных элементаў. Калі драўляная форма гатовая - застаецца размаляваць. Гэта Уладзімір давярае прафесійным мастакам. У суаўтарах - больш за 10 беларускіх майстроў жывапісу. Апошнія штрыхі не абавязкова - рэалістычная афарбоўка. Партрэты Бітлз, героі міфаў і казак, матывы народнай творчасці. Кожны мастак бачыць на драўляным палатне сваю карціну.

Акрамя насельнікаў водных глыбінь Уладзімір вырабляе і талеркі ў выглядзе рыб. Часам структура дрэва ўносіць свае карэктывы і натхняе на стварэнне фантастычных істот. Тады праца ідзе без эскізаў - чысты палёт фантазіі. Дарэчы, да гэтага Уладзімір працаваў на будоўлі і такі матэрыял, як драўніна ўжываў па прамым прызначэнні. Але душа заўсёды імкнуліся да мастацтва. Некалькі гадоў таму мужчына зарэгістраваўся як рамеснік і цяпер увесь час працуе дома.

За дзесяцігоддзе Уладзімір паспеў пабываць на ўсіх найбуйнейшых рамесных выставах краіны, у тым ліку на "Славянскім базары". Таксама быў у Маскве і Эстоніі. У планах - у верасні выстава ў Вільні.