Гомель. Зарыбленне Прыпяці

8 октября 2016

У вадаёмах Гомельскай вобласці аднаўляюць папуляцыю сцерлядзі. Спецыялісты спадзяюцца, што гэты прадстаўнік асятровых асвоіць сваю экалагічную нішу без шкоды для іншых прадстаўнікоў іхтыяфауны. На зарыбленні Прыпяці пабываў Яўген Пабалавец.

Да 70-ых гадоў мінулага стагоддзя ў рэках Палесся сцерлядзь была даволі шматлікай прамысловай рыбай. Зараз жа трапляюцца адзінкавыя экзэмпляры. І сёння ў Беларусі хочуць аднавіць яе папуляцыю.

Упершыню сцерлядзь пачалі запускаць у Прыпяць два гады таму. Зараз другая спроба. На думку беларускіх навукоўцаў, менавіта гэтаму віду рыбы трэба надаць асаблівую ўвагу ў найбліжэйшыя гады.

Больш як дзве тоны шчупакоў і сцерлядзі выпусцілі ў Прыпяць спецыялісты прыроднай аховы. Рыба ва ўзросце да аднаго года. Гэта яшчэ не прамысловы экзэмпляр, але і не малёк. Так ёй будзе прасцей адаптавацца да новых умоў. Як гавораць спецыялісты, сцерлядзь адразу знойдзе ямы, і там будзе трымацца да вясны.

Юрый Збароўскі, начальнік Мазырскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: "Чаму менавіта сцерлядзь і шчупак. Гэта, можна сказаць, прыручаныя рыбы. Гістарычна склалася, што яны тут жылі, і ім ёсць тут кармавая база. Кармавая база - гэта галоўны элемент у харчаванні рыбы".

Часткова сітуацыю пагаршае сама прырода. Засуха і малы разліў іншы раз не дазваляюць рыбе нераставаць на пойме. У выніку ікра не праграецца сонцам на мелкаводдзі. Да таго ж у рэчышчы ікру зносіць цячэнне або яе з’ядаюць драпежнікі. Таму штогод спецыялісты штучна зарыбляюць вадаёмы краіны. Апошнім часам навукоўцы раяць звяртаць увагу на тыя віды рыб, якія гістарычна вадзіліся ў Беларусі.

Увогуле эксперыментальна сцерлядзю зарыблялі апошнія пяць гадоў Днепр, Бярэзіну і Сож. Сёння ў Беларусі гэтая рыба занесена ў Чырвоную кнігу, лавіць яе нельга. Рыбаловам абавязкова трэба адпускаць улоў. Таму спецыялісты разлічваюць, што праз пэўны час папуляцыя сцерлядзі поўнасцю адновіцца.