Гомель сёлета здзіўляе незвычайнай святочнай ілюмінацыяй

30 декабря 2017

Ад егіпецкіх пірамід да рымскага Калізея, а таксама крэатыўныя ёлкі, казачныя персанажы і фантаны. Гомель сёлета здзіўляе незвычайнай святочнай ілюмінацыяй. А сучасныя святлодыёды дазваляюць пераходзіць гораду ў рэжым энергазберажэння. Акрамя вуліц, плошчаў і сквераў упрыгожаны таксама вітрыны магазінаў, кафэ і розных устаноў. А ўсе раёны змагаюцца за перамогу ў штогадовым конкурсе на лепшае навагодняе ўпрыгажэнне. Святочнае ўбранне Гомеля ацаніла Вольга Халадовіч.

Больш за 10 кіламетраў святлодыёдных стужак. Каля 7 тысяч лямпачак, 32 метры ў вышыню. І гэта толькі галоўная ёлка Гомеля. Дакладную колькасць яркіх элементаў у горадзе не бяруцца падлічыць нават спецыялісты. Затое запэўніваюць, што навагодняя ілюмінацыя сёлета яшчэ і энергазберагальная.

Валянцін Радзюк, намеснік гендырэктара гомельскай гарадской ЖКГ: "У Гомелі больш за 36 тысяч святлапунктаў (ліхтароў). На сёння ўжо каля 9 тысяч - гэта святлодыёдныя свяцільні. Толькі сёлета ўсталявалі каля 2 тысяч. І 100 % асвятлення Гомеля - гэта энергаэфектыўныя свяцільні. Ужо мы ідзем другім этапам энергаэфектыўнасці. Усё змяняем на святлодыёды. І з часам мы гэтую праграму зробім".

Маштаб гэтай калекцыі ўражвае і прыцягвае аматараў сэлфі. Дакладныя копіі шэдэўраў сусветнай архітэктуры ў гэтым годзе дапоўнілі Сафійскі сабор і рымскі Калізей. А ў цэлым навагодні дэкор сёлета - гэта не толькі крэатыўныя ёлкі, гірлянды і сімвалы адыходзячага і надыходзячага гадоў.

Нягледзячы на снежань, Гомель па-ранейшаму горад фантанаў. Яны зноў працуюць, праўда, у новым, зімовым фармаце. І замест вадзяных струменяў яркімі фарбамі тут зіхацяць святлодыёды.

Кожны год у Гомелі праводзяць агляд-конкурс на лепшае навагодняе ўпрыгажэнне. Удзельнічаюць усе раёны горада, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі. Над святочным афармленнем працуюць дызайнеры, супрацоўнікі ЖКГ і прадпрыемствы “Гарсвятло”. А пераймаць вопыт упрыгажэнняў ў Гомель прыязджаюць спецыялісты з іншых гарадоў.

Увогуле навагоднюю ілюмінацыю ў горадзе кожны год ствараюць па прынцыпе - здзівіць нечым новым. Плюс упрыгожваюць не толькі цэнтральныя вуліцы, плошчы і скверы.

Дзмітрый Патапкоў, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Гомеля: "Сёлета вырашылі канцэпцыйна падысці да пытанняў менавіта ў далёкіх мікрараёнах. Гэта 17-ы, 18-ы, 19-ы. Пляцоўка перад Лядовым палацам. Гэтае месца даўно ўпадабана мясцовымі жыхарамі ў правядзенні мерапрыемстваў святочных. Сёлета вырашылі крыху ўпрыгожыць дадзеную елку. Атрымалася нядрэнна. Канцэпцыю шмат дзе глядзелі. Я думаю, што нашы гараджане гэта ацэняць годна".

Зіхатлівая феерыя будзе радаваць гамяльчан і гасцей горада ўсе навагоднія святы - аж да 15 студзеня. А парк з мініяцюрамі сусветных славутасцей - увогуле ўвесь наступны год.