Гомель. Сюжэт-дайджэст

18 марта 2017

Як змянілася аблічча галоўнай бальніцы Гомельскага рэгіёна, пра што пісалі мясцовыя журналісты сто гадоў таму, чаму надвор’е - галоўны стымул для аграрыяў. Вольга Халадовіч прапануе самыя заўважныя падзеі тыдня з Гомельскай вобласці.

На поўдні Гомельскай вобласці пачалі пасяўную кампанію. Стартаваць у сакавіку аграрыяў падштурхнулі спрыяльныя ўмовы надвор'я. Першымі палявыя работы пачалі гаспадаркі Мазырскага і Нараўлянскага раёнаў. Сярод сельгаспрадпрыемстваў і механізатараў арганізуюць спаборніцтвы - вынікі будуць падводзіць не толькі ў канцы палявых работ, але і за працоўны тыдзень і нават кожны дзень. Завяршыць сяўбу ў рэгіёне плануюць да 9 мая.

Палепшыць якасць і аператыўнасць медыцынскай дапамогі. У Гомельскай абласной клінічнай бальніцы пасля рэканструкцыі адкрылі прыёмнае аддзяленне. Працоўныя месцы медработнікаў абсталявалі персанальнымі камп’ютарамі, якія падключылі да адзінай бальнічнай сеткі. Стварылі і сістэму відэаназірання для кантролю за якасцю абслугоўвання. Кошт рамонту - амаль 550 тысяч рублёў.

Збор сродкаў для гарадскога савета - адна з галоўных тэм газеты "Гомельская праўда" роўна сто гадоў таму. Дарэчы, тады адно з найстарэйшых друкаваных выданняў краіны называлася "Известия Гомельского Совета рабочих и солдатских депутатов". Даведацца пра гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў горадзе і вобласці на працягу стагоддзя, а таксама ўбачыць фоталабараторыю і кабінет рэдактара можна на выставе "Газета "Гомельская праўда". 100 гадоў", што адкрылася ў палацы Румянцавых і Паскевічаў.

Праваслаўныя вернікі ў Гомелі сустрэлі каўчэг з часцінкамі мошчаў трох святых. Пакланіцца хрысціянскім святыням можна ў Свята-Петрапаўлаўскім кафедральным саборы. Велікамучаніка Георгія назвалі Перамоганосцам за мужнасць і цудадзейную дапамогу людзям. Прыгавораны да смерці святы Харалампій маліўся, каб у месцы яго пахавання ніхто не пакутаваў ад голаду і хвароб. А святы пакутнік Ваніфацій быў міласцівы да ўбогіх і вандроўнікаў, аказваў дапамогу няшчасным.