Геаграфія экспарту магілёўскіх прамыслоўцаў папоўнілася яшчэ на адзінаццаць краін

5 января 2019

На карце з’явіліся партнёры з Конга, Кіпра, Мадагаскара. Павялічыліся і аб'ёмы паставак - амаль на трэць. У краіны ж далекай дугі ўвогуле на 40 %. Такія поспехі не інакш як стымул для стварэння новых рабочых месцаў. Сёлета ў Магілёўскай вобласці іх плануецца адкрыць амаль 5 тысяч.

 

Якія сферы ў прыярытэце, даведаўся Андрэй Ястрабаў. Сяргей Савянок у свае 52 знайшоў сябе нечакана у... дрэваапрацоўцы. Прыйшоў па аб’яве на вакантнае месца майстра вытворчасці ў мясцовы лясгас. Здавалася б, цёмны лес для былога эканаміста. Аднак паспрабаваў, асвоіў, зацікавіла - і застаўся.

 

Попыт на прадукцыю дрэваапрацоўкі стаў стымулам для павелічэння аб’ёмаў вытворчасці і адкрыцця новых рабочых месцаў. Летась у лясгасе іх стварылі 8.

 

Плённым выдаўся год і для малочнага завода ў Горках. Перапрацаваны рэкордныя 100 тысяч тон сыравіны. Хутка ўключыцца ў працэс і лінія па вытворчасці рассыпістага тварагу. Не дзіўна, што для новых аб’ёмаў спатрэбіліся і 15 дадатковых рабочых месцаў. Раман Бараноўскі такім чынам стаў маладым спецыялістам.

 

Для эканомікі раёнаў, якія і фарміруюцца дзякуючы поспехам прадпрыемстваў, важна не колькасць заводаў, а ўстойлівае ўтрыманне імі сваёй нішы на айчынным і замежным рынках. Таму ідзе няспынны працэс іх мадэрнізацыі. Новыя ж лініі даюць новыя рабочыя месцы. Сёлета іх будзе створана ў вобласці каля 5 тысяч. У тым ліку ў бізнесе, які ўсё больш займаецца не паслугамі, а менавіта вытворчасцю.

 

Зразумела, галоўны рухавік для павышэння заробку на такіх прадпрыемствах - выхад на замежныя рынкі. І летась геаграфія паставак усходняга рэгіёна пашырылася на 11 краін. Упершыню ў Конга, Кіпр, Мадагаскар экспарт тавараў павялічыўся амаль на траціну. Самым выніковым стала сяброўства з Кітаем.

 

Да таго ж кітайскія інвестары зацікаўлены ў стварэнні сумесных прадпрыемстваў, пляцоўкай для якіх стане СЭЗ “Магілёў” з ільготнымі прэферэнцыямі і ўжо гатовай інфраструктурай, пабудаванымі інжынернымі сеткамі і чыгункай.

 

Гандаль і паслугі, прамысловасць, транспарт, сельская гаспадарка, а яшчэ будаўніцтва. Гэтыя галіны сталі лідарамі па стварэнні рабочых месцаў у рэгіёне. Спецыялісты запэўніваюць: такая тэндэнцыя захаваецца і сёлета.