Фотапаляванне на аматараў кідаць смецце ў лясах разгарнулі ў лясгасах Брэсцкай вобласці

14 мая 2016

У рэгіёне актыўна ўкараняюць сістэму фотапастак, у аб’ектывы якіх ужо трапілі дзясяткі парушальнікаў. Як працуюць фотавартавыя парадку і наколькі яны эфектыўныя?

Каб атрымаць адказ на гэтыя пытанні, наш карэспандэнт Людміла Салдзіна адправілася ў лясы Кобрынскага раёна. Зараз нідзе побач з сабой я не бачу ніякіх фотакамер. Але, як падказваюць мне спецыялісты, я знаходжуся менавіта ў поле зроку адной з іх. І калі б раптам мне прыйшло ў галаву кінуць вось тут смецце, я адразу б папоўніла спіс парушальнікаў ляснога заканадаўства.

Гэта фотапастка размешчана на бярозе. Як толькі ў поле яе дзеяння пачнецца рух, яна будзе рабіць здымкі кожныя 5 секунд.

Вось такія месцы – ускрайкі лесу побач з міні-палігонамі цвёрдых бытавых адходаў, як, напрыклад, паблізу вёскі Каташы - самыя забруджаныя. На здымках бачна, як з аўтамабіля выкідваюць смецце.

Убачыць фотапастку складана. Але аб тым, што вядзецца фотафіксацыя, леснікі абавязкова папярэджваюць грамадзян. Вось такімі таблічкамі. Яны, як правіла, і стрымліваюць парушэнні.

З пачатку года толькі ў Кобрынскім лясгасе складзена 6 пратаколаў. Яшчэ па адным факце зараз ідзе адміністратыўны працэс. Парушальнікаў чакае немалы штраф – больш за 4 мільёны. Дарэчы, фіксаваць парушальнікаў не адзінае прымяненне фотапастак. У летні пажаранебяспечны перыяд гэтыя прылады будуць своечасова "паведамляць" пра ўзгаранні ў лясах.