Фермеры паўночнага рэгіёна краіны ўсё большую цікавасць праяўляюць да авечкагадоўлі

7 июля 2018

Менавіта на іх утрыманні - значная частка пагалоўя. Для Віцебскай вобласці развядзенне авечак - перспектыўны напрамак. Наш карэспандэнт Марына Раманоўская пабывала ў фермерскіх гаспадарках і даведалася, дзе займаюцца развядзеннем чыстапародных авечак.

Дваццаць гадоў таму на базе Віцебскага племяннога прадпрыемства з’явілася авечкагадоўчая ферма. З цягам часу яна стала спецыялізавацца на племянным развядзенні раманаўскай пароды. У паўночны рэгіён краіны завезлі жывёл з Яраслаўскай вобласці. Асаблівая ўвага - паглыбленай селекцыйнай рабоце.

Племянны маладняк з ахвотай набываюць асабістыя падсобныя і фермерскія гаспадаркі. Дарэчы, у паўночным рэгіёне краіны большая частка пагалоўя авечак знаходзіцца менавіта на ўтрыманні фермераў.

Для Віцебскай вобласці авечкагадоўля - адзін з перспектыўных напрамкаў у жывёлагадоўлі. Ёсць неабходнасць развіваць яе ў вытворчых маштабах. Зусім хутка на Віцебскім футравым камбінаце пасля сур’ёзнай мадэрнізацыі запусцяць вытворчасць па перапрацоўцы аўчыны. Аб’ёмы ўнушальныя - трыста тысяч шкур за год. Патрабаванні да якасці сыравіны высокія.

Аляксандр Кузьміноў развядзеннем авечак займаецца чатыры гады. Яго фермерская гаспадарка пачыналася з сямі жывёлін. Зараз іх больш за сотню. Усе – выключна раманаўскай пароды. Асноўны плюс - добрыя прывагі. Пры гэтым авечкі гэтай пароды не патрабавальныя да меню. Галоўнае, расказвае фермер, забяспечыць добрую пашу. Склаўшы рукі, расказвае Аляксандр Кузьміноў, сядзець не прыходзіцца. Трэба падсяваць травы, нарыхтоўваць сена. І тут без тэхнікі не абысціся. Нядаўна набыў трактар. Галоўнае - упэўнены фермер - мець жаданне. І тады аўчынка будзе вартая вырабу.