Фермер са Смаргонскага раёна атрымаў еўрапейскі сертыфікат на вырошчванне экапрадуктаў

20 октября 2018

Без хіміі. Фермер са Смаргонскага раёна першым у нашай краіне атрымаў еўрапейскі сертыфікат на вырошчванне экапрадуктаў. Праполка выключна уручную, і толькі арганіка ў якасці падкормкі. У выніку бульба, буракі, морква не утрымліваюць алергенаў і падыходзяць нават для немаўлят. У цэлым жа наша краіна арганічнае земляробства толькі пачынае развіваць, аднак наш карэспандэнт Юрый Карняловіч перакананы, у бліжэйшыя гады на рынку харчавання яно зойме важнае месца.

Займацца экалагічным земляробствам мінчаніна Ігара Хвашчэўскага падштурхнула здароўе дзяцей. Моцная алергія на хімію у прадуктах харчавання вымусіла пераехаць у вёску і самому вырошчваць экалагічную садавіну і гародніну.

Паступова захапленне экапрадуктамі перарасло ў справу усяго жыцця. Ігар зарэгістраваў фермерскую гаспадарку і пачаў асвойваць нялёгкую навуку вырошчвання гародніны без хімічных дабавак і пестыцыдаў. Сёння яго прадукцыя карыстаецца вялікім попытам у аматараў здаровага харчавання. А якасць пацверджана еўрапейскім зялёным сертыфікатам, на атрыманне якога спатрэбілася некалькі гадоў.

Акрамя традыцыйнай садавіны і гародніны, фермер асвойвае вырошчванне не зусім звычайных культур. Сёлета пасадзіў тапінамбур, ураджайнасць якога б’е усе рэкорды - да 30 тон з гектара. Гэта, прызнаецца гаспадар, аснова новага кірунку дзейнасці.

Наступны этап развіцця фермерскай гаспадаркі - гэта жывёлагадоўля. Ігар Міхайлавіч набыў памяшканне былой фермы, зараз тут праводзіцца рамонт і ўжо праз месяц тут з’явяцца першыя жывёлы, якія будуць даваць экалагічна чыстае малако.

Увогуле арганічнае земляробства для Беларусі пакуль новы кірунак. Аднак ахвочых вырошчваць экалагічна чыстую прадукцыю з кожным годам становіцца ўсё больш. Фермеры ўпэўненыя - у найбліжэйшы час ад хімічных прэпаратаў і гербіцыдаў адмовяцца дзясяткі прыватных гаспадарак.

Свае паслядоўнікі з’явіліся і ў Ігара Хвашчэўскага. Мінчанін Андрэй пасля некалькіх сустрэч з экафермерам, набыў сядзібу па суседстве і асвойвае вырошчванне арганічнай клубніцы. Цяжкасцей, прызнаецца, хапае, аднак упэўнены, што будучае менавіта за чыстай ягадай.

Значную падтрымку такім аматарам здаровага харчавання павінен аказаць і Закон аб вядзенні арганічнага земляробства, які плануецца прыняць у Беларусі ў найбліжэйшы час. Многія льготы і прэферэнцыі экагаспадаркам дазволяць не толькі замацавацца на ўнутраным рынку, але і пастаўляць прадукты на экспарт.