Аб тым, як паступіць, вучыцца і стаць годным ваенным юнакам Гродзеншчыны расказалі ў межах прафарыентацыйнага мерапрыемства “Ёсць такая прафесія - Радзіму абараняць”. Сустрэча прайшла на ваенным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. А каб інфармацыя была больш поўнай і рознабаковай, да ўдзелу ў гутарцы былі запрошаны прадстаўнікі сямі вышэйшых ваенных устаноў краіны.
Большасць афіцэраў беларускай арміі свой прафесійны выбар зрабілі яшчэ ў юнацтве. А таму сёння раяць усім хлопцам прымерыць ваенную форму. Для тых, хто сумняваецца, арганізавалі традыцыйную выставу-кірмаш прафесій.
Недабор ці нізкі прахадны бал - гэта гісторыя ваенным ВНУ і факультэтам незнаёма. Без сур’ёзнай падрыхтоўкі хлопцам не абысціся. Прыйдзецца не толькі штудзіраваць профільныя прадметы, але і заняцца спортам.
Дзякуючы электроннай базе звестак, створанай для патэнцыяльных абітурыентаў, адсочваецца колькасць ахвотнікаў паступіць на ваенны факультэт. На сённяшні дзень у спісе 140 прозвішчаў. Традыцыйна самы вялікі конкурс на спецыяльнасць "фізічная падрыхтоўка".
Высокі ўзровень падрыхтоўкі на ваенным факультэце адзначаны на дзяржаўным узроўні. Званне лепшых сярод устаноў вышэйшай адукацыі выкладчыкі і курсанты ўтрымліваюць некалькі гадоў запар.
Дарэчы, за дзесяць гадоў на ваенным факультэце Купалаўскага ўніверсітэта падрыхтавалі больш за 200 кадравых афіцэраў і 1000 афіцэраў запасу. У чарговую ўступную кампанію тут плануюць адкрыць набор для 40 першакурснікаў.













