Энергаэфектыўны праект запусціла камунальнае прадпрыемства ў Кобрынскім раёне

6 апреля 2019

Тут плануюць вырошчваць плантацыі вярбы, каб праз некалькі гадоў забяспечыць кацельні на цвёрдым паліве сыравінай - шчэпкамі. Прычым уласны біярэсурс дазволіць сэканоміць на паліве ў два разы. Як гэта магчыма, раскажа Вікторыя Патоня.

Пакуль у гадавальніку чаранкі вярбы зліваюцца з зямлёй. Іх тут амаль 140 тысяч. Поле з разорамі, каб затым лягчэй было палоць і паліваць пры дапамозе спецыяльнай тэхнікі. Энергетычная вярба ў прамысловых маштабах у нашай краіне яшчэ не вырошчвалася. Кобрынскія камунальшчыкі пайшлі на эксперымент. Спачатку паглядзелі, як гэта працуе у суседзяў - ва Украіне і Польшчы. Пасадачны матэрыял размясціўся на пяці гектарах. У перспектыве павінны з’явіцца вялікія плантацыі, якія дазволяць з вярбы атрымліваць біяпаліва - шчэпкі. Гэта той варыянт, калі адзін раз пасадзіш і 30 гадоў жнеш.

Шчэпкі ў раёне - матэрыял запатрабаваны. На гэтай сыравіне працуе амаль палова кацельняў, што ў сваю чаргу дазваляе эканоміць на паслугах. Сабекошт цеплавой энергіі тут самы нізкі ў Брэсцкай вобласці. Пераход на мясцовыя віды паліва зніжае аб’ёмы выкарыстання імпартнага газу.

Гэтая кацельня ў ваенным гарадку ў Кобрыне на цвёрдым паліве працуе два гады. Ад яе работы залежыць тэмпература гарачай вады і клімат у дамах цэлага мікрараёна. Працэсы аўтаматызаваныя, а абслугоўваюць кацельню ўсяго два аператары. Кантроль за крыніцай цеплаэнергіі вядзецца па камп’ютары. Тут усталяваны тры катлы на цвёрдым паліве і чатыры рэзервовыя - газавыя. Апошнія задзейнічаюць падчас моцных маразоў.

Вярба - дрэва стойкае, добра прыжываецца і расце на дзіва хутка. Неабходнасць у такім біярэсурсе ў Кобрыне за найбліжэйшыя гады ўзрасце, тут з’явяцца дзве кацельні на цвёрдым паліве агульнай магутнасцю 29 мегават. Таму камунальшчыкі разлічваюць поўнасцю забяспечыць сябе шчэпкамі.

Першую плантацыю энергетычнай вярбы плануюць закласці гэтай восенню. Зараз галоўнае - вырашыць зямельныя пытанні, каб былі неабходныя плошчы пад энергаэфектыўны праект. А гэта ў сваю чаргу дазволіць зберагчы лес, а паслугі на ацяпленне зрабіць больш таннымі.