Экзамен на гатоўнасць да чарговага сезона рыхтуюцца здаваць дзіцячыя летнікі Гродзеншчыны

23 апреля 2016

Рамонтныя работы на базах адпачынку ўваходзяць у завяршальную стадыю. Ужо ў другой палове мая гатоўнасць лагераў правераць спецыяльныя камісіі, у склад якіх увойдуць прадстаўнікі зацікаўленых ведамстваў. Асноўную ўвагу спецыялісты накіруюць на ўмовы адпачынку, галоўны крытэрый з якіх - бяспека дзяцей.

Расказвае Вольга Пілянчук.

Раней у гэтым пакоі быў склад. Зараз гэта прасторнае памяшканне, якое ў хуткім часе пераўтворыцца ў спартыўную міні-залу.

Усе запланаваныя рамонтныя работы ў дзіцячым лагеры “Сузор’е” практычна завершаны. Застаецца сабраць новую мэблю, падправіць сцены, абнавіць фарбу.

Як і ў папярэднія два гады падчас першай змены ў лагеры плануюць аздаравіць хворых дзяцей. 10 хлопчыкаў і дзяўчынак прымуць разам з бацькамі.

Каб дзецям з асаблівасцямі развіцця было камфортна адпачываць, на вуліцы робяць пандусы, у карпусах пашыраюць дзвярныя праёмы і спецыяльна абсталююць душавыя кабіны.

Усё - ад зборкі мэблі да замены водаправода - тут робіцца ўласнымі намаганнямі, за кошт абласнога і раённага бюджэтаў. Традыцыйна дапамагаюць у падрыхтоўцы і мясцовыя сельгаспрадпрыемствы.

Гатоўнасць дзіцячых лагераў адпачынку менш чым праз месяц ацэняць спецыяльныя камісіі, у якія войдуць спецыялісты аддзелаў адукацыі, санітарных і пажарных службаў.

Усяго гэтым летам у Гродзенскай вобласці адкрыецца 21 стацыянарны лагер. На адпачынак тут чакаюць 20 тысяч дзяцей. На падрыхтоўку баз адпачынку пойдзе каля 5 мільярдаў рублёў. Плюс 1,5 мільярда, якія плануюць зарабіць падчас рэспубліканскага суботніка.