І першае падарожжа выхаванцы і педагогі брэсцкага клуба ажыццявілі ў гонар Вялікай Перамогі. У рамках патрыятычнага паходу “Памяць” удзельнікі наведваюць помнікі, сустракаюцца з ветэранамі і асвойваюць майстэрства марской справы на практыцы. Водным маршрутам прайшла і Вікторыя Патоня.
Традыцыя выпраўляцца ў патрыятычны паход у маі ў брэсцкім клубе юных маракоў жыве больш за дзесяцігоддзе. Ды і ахвотнікаў адправіцца ў воднае падарожжа хапае. Білет на борт цеплахода атрымліваюць самыя адказныя.
Сярод удзельнікаў марафону - Юрый Гаркалюк. Васьмікласнік марыць аб сапраўдных караблях. Чацвёрты год ён з задавальненнем наведвае заняткі ў клубе, ходзіць на шлюпках і ўжо дакладна ведае, як зроблена судна.
Ёсць сярод юных маракоў і дзяўчынкі. Яны не горш за хлопцаў вяжуць марскія вузлы і ведаюць семафорную азбуку.
Паводле слоў выкладчыкаў цэнтра, праграма ўключае дысцыпліны, неабходныя для авалодання азамі марской справы. Тым больш што сярод педагогаў – маракі-практыкі.
У клуба ёсць свая флатылія. Сапраўдныя марскія шлюпкі Ял-6, на якіх юныя маракі вучацца выконваць каманды, і некалькі цеплаходаў. Вось гэты “Алег Альхоўскі” невыпадкова названы ў гонар юнгі Дняпроўскай флатыліі, які ў 44-м падчас вызвалення Пінска гераічна змагаўся з ворагам і загінуў.
Па месцах баявой славы Дняпроўскай флатыліі і пралягае маршрут патрыятычнага паходу “Памяць”. Першы прыпынак – шлюз “Трышын”. Тут да помніка загінуўшым у пачатку Вялікай Айчыннай вайны абаронцам гідравузла ўдзельнікі акцыі ўсклалі кветкі.
На шляху каманды прыпынкі ля спаленых вёсак, сустрэчы з ветэранамі, мітынгі. Але галоўнае, што на адным цеплаходзе разам юныя маракі і масцітыя капітаны далёкага плавання. Міхаіл Клім на Паўночным флоце адслужыў больш за 20 гадоў, хадзіў у Баранцава мора. З яго ўзялі прыклад і некаторыя выхаванцы клуба.
Міхаіл Клім, ветэран Ваенна-марскога флоту: "Традыцыі захоўваюцца, дзеці любяць марскую рамантыку. Многія з іх паступаюць у марскія навучальныя ўстановы. У нас у Санкт-Пецярбургу ёсць некалькі месцаў для беларускіх дзяцей. Яны сканчаюць там цывільны факультэт, суднаваджэнне, суднамеханікі. Многія застаюцца ў Расіі. Займаюцца працай, звязанай са сваёй спецыяльнасцю. Ходзяць у мора".
Патрыятычны марафон працягваецца. Плануецца, што сёлета яго ўдзельнікамі стануць амаль 80 юных маракоў.













