Двое маленькіх тыгранят з’явіліся на свет у Гродзенскім заапарку

21 мая 2016

Эксперты падкрэсліваюць: гэта вельмі рэдкая з’ява, калі ў штучных умовах чырвонакніжныя амурскія тыгры даюць здаровае патомства. А для Гродна гэта ўвогуле амаль першы выпадак нараджэння драпежных кошак у вальеры.

Адразу пасля нараджэння ва ўстанове аб'явілі асаблівы “рэжым цішыні”. Самі ж звялі да мінімуму неабходнасць кантактаваць з блакітнавокімі тыгранятамі. Усё для таго, каб у пасляродавы перыяд тыгрыца Тайга не нервавалася і не кінула ад стрэсу сваіх малых. Нованароджанай дзяўчынцы ўжо далі мянушку Хельга. А вось мянушку для браціка абяруць наведвальнікі заапарка.

Бацькамі беларускага заалагічнага цуду сталі амурскія тыгры Шэрхан і Тайга, якія ўжо некаторы час жывуць у Гродзенскім заапарку. Драпежных чырвонакніжнікаў доўга трымалі асобна і толькі тры гады таму пазнаёмілі, а потым перасялілі ў адзін асобны вальер. З таго ж часу ў заасадзе і сталі чакаць магчымае папаўненне ў сям’і паласатых. І толькі ў 2016-м у сярэдзіне красавіка на свет з’явіліся два найпрыгажэйшыя камячкі.