Дарожныя службы Мінска рыхтуюцца да зімы

2 ноября 2019

У самыя халодныя месяцы года расчышчаць праезную частку і прыбіраць снег будуць больш за семсот адзінак спецтэхнікі і амаль восемсот работнікаў. Зараз актыўна рыхтуюць антыгалалёдныя сумесі. У кругласутачным рэжыме камунальныя службы будуць маніторыць сітуацыю на дарогах, што дасць магчымасць аператыўна рэагаваць на змяненні надвор'я. На зімовую гуму пераходзяць і аўтаўладальнікі. Бо, як вядома, падабраныя пад сезон шыны - галоўнае правіла бяспекі на дарозе. З падрабязнасцямі Ілья Цвяткоў.

Мінус на тэрмометрах - тонкі лёд на дарозе. Да марознага сезона спецыялісты дарожных службаў падрыхтаваліся загадзя. Пакуль замест снежных гурбаў тэхніка развозіць горы пяску. Антыгалалёднай сумессю напаўняюць адмысловыя скрыні ў дварах і на прыпынках грамадскага транспарту, каб пры неабходнасці хутка апрацаваць палатно.

Толькі ў Мінску падрыхтавана дзевяць пляцовак для вывазу снегу, а таксама снегаплавільны пункт. Напагатове і спецтэхніка.

А вось для многіх аўтаўладальнікаў рэзкае пахаладанне стала непрыемным сюрпрызам. Зараз пытанне нумар адзін для вадзіцеляў - тэрміновая замена гумы з летняй на зімовую.

У гэтыя дні на шынамантаж трапіць можна, толькі калі загадзя запісацца. За змену спецыялісты сэрвісаў пераабуваюць некалькі дзясяткаў аўтамабіляў.

Акрамя завадскіх характарыстык, таксама трэба звяртаць увагу і на малюнак пратэктару. Напрыклад, асіметрычны малюнак лепш падыходзіць для добрых дарог. Для дрэнных рэкамендуюць выбіраць сіметрыю.

Пакуль дарожная сітуацыя паказвае: далёка не ўсе вадзіцелі гатовыя да зімовага кіравання. Толькі на пачатку тыдня з першымі замаразкамі ў Мінску здарылася больш за дзве сотні ДТЗ. Летняя гума на колах, рэзкія манеўры, невыкананне хуткаснага рэжыму - асноўныя прычыны павелічэння колькасці дарожных здарэнняў.

Згодна з правіламі дарожнага руху, выкарыстоўваць зімовую гуму трэба з першага снежня па першае сакавіка. Аднак надвор'е заносіць свае карэктывы. І варта ўлічваць гэтую акалічнасць.