Доўгачаканае адкрыццё абноўленага аддзялення рэанімацыі ў Шклове

2 апреля 2016

У раённай бальніцы вырашылі не будаваць асобны корпус, а пераабсталяваць некалькі палат. Зрабілі гэта сваімі сіламі і ў кароткія тэрміны. Увялі тут і сістэму прэміравання лепшых работнікаў. Каб іншыя медустановы пераймалі станоўчы вопыт, у Магілёўскай вобласці вырашылі праводзіць дні галоўнага ўрача. І першай такой пляцоўкай стала менавіта шклоўская бальніца.

Крысціна Каранкевіч – з падрабязнасцямі. На абнаўленне рэанімацыйнага аддзялення Шклоўская цэнтральная райбальніца выдаткавала паўмільярда рублёў. Для памяшкання з сучасным абсталяваннем грошы невялікія. Дарэчы, праект таксама распрацавалі самі.

Тут не сталі чакаць будаўніцтва асобнага корпуса. Вырашылі адвесці пад рэанімацыю некалькі пакояў бальніцы. Рамонт правялі хутка - за паўтара месяца. Аддзяленне забяспечылі аўтаномнай падачай электраэнергіі. Рэанімацыйныя ложкі размясцілі ў адной зале.

На аператыўнасць аказання экстраннай дапамогі і эфектыўнасць лячэння станоўча паўплывае і сучаснае абсталяванне, якім аснасцілі аддзяленне. У выніку ў Шклове атрымалі адну з самых буйных раённых рэанімацый у рэгіёне. Як адзначаюць ва ўпраўленні аховы здароўя, у цэлым па Магілёўскай вобласці вострых праблем з дзейнасцю рэанімацыйных аддзяленняў не засталося.

Кіраўнікі райбальніц, дзе трэба будзе ўдасканаліць работу па аказанні экстраннай дапамогі, змаглі на ўласныя вочы пазнаёміцца са шклоўскім вопытам. Адкрыццё адноўленай рэанімацыі супала з днём галоўнага ўрача, які на гэты раз праводзілі на базе шклоўскай бальніцы. На яго завіталі кіраўнікі раённых медустаноў, каб разам абмеркаваць надзённыя пытанні. Гаварылі на сустрэчы і пра сістэму стымулявання якасці працы ўрачоў, якая дзейнічае ў шклоўскай бальніцы. За аснову ўзялі індывідуальную сістэму прэміравання.

Шклоўская мадэль працуе толькі некалькі месяцаў, але кіраўніцтва бальніцы ўжо канстатуе яе эфектыўнасць. Гасцям сустрэчы нагадалі, што праект абнаўлення рэанімацыі нарадзіўся ў самім калектыве – медыкі зацікаўленыя ў павышэнні эфектыўнасці сваёй дзейнасці. Дарэчы, і дні галоўнага ўрача будуць праводзіцца штомесяц па чарзе ў кожнай райбальніцы вобласці.