Да школьнага званка - менш як два тыдні

19 августа 2017

У паўночным рэгіёне ён прагучыць для 110-ці тысяч навучэнцаў. І прыкладна дзесяць тысяч з іх - першакласнікі. Падрыхтоўка школ да новага навучальнага года - у завяршальнай стадыі. Мая калега Марына Раманоўская даведалася, колькі школ у самым паўночным рэгіёне краіны ўжо гатовы прыняць дзяцей.

Хачу адзначыць, што ў самім абласным цэнтры пашпарты гатоўнасці школы і садкі атрымалі яшчэ на мінулым тыдні. Усяго ў паўночным рэгіёне свае дзверы для дзяцей адчыняць звыш 360-ці школ і больш за пяць соцень дзіцячых садкоў.

Звярну ўвагу на тое, што ў Дуброўне, а менавіта тут пройдуць абласныя “Дажынкі”, падрыхтоўка да 1 верасня яшчэ ў самым разгары. Мадэрнізуюць сярэднюю школу №1. Аб гэтым раскажу падрабязней у сюжэце. А зараз прапаную здзейсніць падарожжа ў Копысь і згуляць у футбол на новым школьным стадыёне.

Вучаніца Копыскага дзіцячага сада - сярэдняй школы Мілана Вяржбіцкая разам з сябрамі апошнія дні летняга адпачынку праводзіць на спартыўнай пляцоўцы. Школьніца не сумняваецца - у новым навучальным годзе фізкультура стане адным з любімых прадметаў. Падчас летніх канікулаў на тэрыторыі школы з’явіўся новы спартыўны комплекс пад адкрытым небам.

Футбольнае поле са штучным, вечназялёным, пакрыццём, трэнажорная, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі. А таксама бегавая дарожка. Усё адпавядае самым сучасным патрабаванням для заняткаў.

Да новага навучальнага года - і новы камп’ютарны класс. Дарэчы, з’явілася сучаснае абсталяванне дзякуючы актыўнасці саміх школьнікаў. На працягу мінулага года дзеці ўдзельнічалі ў экалагічным праекце і сталі ўладальнікамі гранта. Новыя камп’ютары і сучасная інтэрактыўная дошка, упэўнены настаўнікі, стануць добрым стымулам выдатна працаваць і далей.

Яшчэ зусім нядаўна гэты буданак было складана назваць казачным палацам. Зараз корпус дзіцячага садка – як з карцінкі. Рознакаляровы фасад і дах - гэта не адзінае, над чым працавалі спецыялісты - унутраныя памяшканні таксама не пазнаць.

Да непазнавальнасці зменіцца і сярэдняя школа №1 у Дуброўне. Пакуль праца на аб’екце у самым разгары. Ідзе капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. За школьныя парты ў новым навучальным годзе тут сядуць больш за 600 вучняў.

Асаблівая ўвага і дзіцячай бяспецы. У Ноўкінскай сярэдняй школе гучыць сірэна. Трывога - вучэбная. Супрацоўнікі МНС даюць прафесійныя парады педагагічнаму калектыву - як правільна паводзіць сябе ў надзвычайных сітуацыях. Прафілактычная работа вядзецца на працягу летніх канікул ва ўсіх навучальных установах.

Менш чым праз два тыдні адрамантаваныя калідоры і класы напоўняцца дзіцячымі галасамі. Толькі ў гэту школу за ведамі прыйдуць больш за чатыры сотні вучняў. А па ўсёй краіне - школьныя званкі празвіняць прыкладна для мільёна дзяцей. 



Зараз чытаюць