Да адкрыцця ІІ Еўрапейскіх алімпійскіх гульняў засталося дваццаць месяцаў

28 октября 2017

Мінск з кожным днём набліжаецца да атрымання статуса галоўнай спартыўнай сталіцы Еўропы. Да адкрыцця ІІ Еўрапейскіх алімпійскіх гульняў засталося дваццаць месяцаў. Форум сусветнага маштабу закране ўсе сферы жыцця беларускай сталіцы. Так, каб змясціць усіх гасцей Еўраалімпіяды, у Мінску будуць здадзены пяць новых гасцініц. На галоўнай спартыўнай арэне Гульняў - на стадыёне "Дынама" - актыўна ідуць мантажныя работы. Усходняя, паўночная і паўднёвая трыбуны гатовыя на 90 працэнтаў. Амаль завяршыўся мантаж брыля над стадыёнам.

Здаць аб'ект плануюць у наступным годзе, умяшчальнасць трыбун складзе больш за 20 000 месцаў. На гэтым тыдні таксама працягвалі прыходзіць новыя варыянты талісмана Гульняў - да творчай працы далучыліся студэнты Акадэміі мастацтваў. Надзея Сербіненка раскажа апошнія навіны падрыхтоўкі сталіцы да Еўрагульняў.

Пяць новых гасцініц на тысячу трыста месцаў адкрыецца ў Мінску да II Еўрапейскіх гульняў. Да канца гэтага года пачнуць працаваць тры новыя гатэлі: на вуліцах Леніна, Зыбіцкай, а таксама на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і МКАД. Усе тры аб'екты будуюць за сродкі інвестараў, у асноўным замежных.

Яшчэ два гатэльныя комплексы прымуць першых пастаяльцаў у 2018. Зараз будаўніцтва аднаго аб'екта ідзе за кінатэатрам "Перамога", другога - у раёне Вяснянка. За кошт павелічэння нумарнога фонду Мінск зможа прыняць большую колькасць турыстаў. Якіх, дарэчы, у 2019 чакаюць каля сарака тысяч. Гэта спартсмены, трэнерскі штаб, суддзі, члены дэлегацый краін-удзельніц, дыпламаты, рэпарцёры і, вядома, балельшчыкі. Зараз абмяркоўваюць магчымасць прэферэнцый пры ўездзе ў Беларусь.

Анатоль Котаў, намеснік дырэктара дырэкцыі фонду "Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў - 2019": "Мы павінны па максімуме выкарыстаць вопыт ЧС па хакеі. Тады была практыка бязвізавага ўезду па білеце - мы хочам гэты вопыт паўтарыць. Паралельна абмяркоўваецца магчымасць павелічэння ў цэлым тэрміну бязвізавага ўезду".

Паглядзець на Еўрагульні ў Мінск прыедзе шмат маладых людзей. Непатрабавальныя ў бытавых пытаннях, для іх будзе важней размяшчэнне гатэля, хостэла і кошт нумара. Якраз цэнавая палітыка для ўсіх гасцініц будзе жорсткай. Паднімаць кошт нікому не дазволяць. Павышэнне нават у пікавыя дні загрузкі - толькі ў межах дзесяці працэнтаў.

Юрый Натычка, начальнік упраўлення бытавога і гасцінічнага абслугоўвання насельніцтва Мінгарвыканкама: "Я думаю, што сярэдні кошт за нумар - 35-38 долараў за нумар, і гэта сярэдняя цана, таму што ёсць і 5 зорак, і без катэгорый. Мінімальная цана - каля 10-12 долараў за нумар".

Стадыён "Дынама" - галоўная арэна ІІ Еўрагульняў - з кожным днём набліжаецца да атрымання першай катэгорыі ад Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Усходняя, паўночная і паўднёвая трыбуны гатовыя на 90 працэнтаў. Амаль гатовы брыль стадыёна. Завершаць рэканструкцыю ў наступным годзе, новыя трыбуны змогуць змясціць 20 000 гледачоў. 21 чэрвеня 2019 года над “Дынама” загарыцца алімпійскі агонь.

Дзяніс Повад, намеснік начальніка па вытворчасці БУ-94 Будтрэста № 1: "Работы будуць завершаныя ў канцы кастрычніка, на будову даху выкарыстоўвалася больш за 3 000 тон металу, мы ўжо на сённяшні дзень пачалі пакрыццё падстрэшка з дапамогай фальцавога даху – г.зн. з дапамогай прафіляванага алюмініевага ліста".

Аляксандр Лашч, кіраўнік рэканструкцыі стадыёна "Дынама": "Два табло электронныя будуць на стадыёне, чара алімпійскага агню - усяго, што неабходна для візуалізацыі і агляду як гледачамі, так і прадстаўнікамі СМІ, будзе звышдастаткова".

Паралельна распрацоўваюць каляровы стыль Гульняў. Ужо вядома, што ў дызайне медалёў: залатых, сярэбраных, бронзавых - будзе прысутнічаць нацыянальны беларускі каларыт. Ёсць каля 15 эскізаў, якія стала ўдасканальваюцца. Арганізатары таксама плануюць усім пераможцам Гульняў уручаць вянкі з папараці. Працягваецца і адкрыты конкурс на стварэнне талісмана Гульняў.

Аляксандр Карлюкевіч, Міністр інфармацыі Беларусі: "Сёння ўжо сабрана некалькі сотняў талісманаў ІІ Еўрапейскіх алімпійскіх гульняў. Аўтары гэтых работ у асноўным школьнікі і моладзь, навучэнцы мастацкіх школ. Безумоўна, яшчэ за астатнія тыдні, мы не сумняваемся ў гэтым, будуць атрыманыя яшчэ работы, а пасля 15 лістапада яшчэ будзе 2 тыдні на тое, каб вызначыць, якая ідэя найболей прадуктыўная. І з гэтай ідэяй пачнуць працаваць прафесійныя мастакі".

Зараз вядуцца перамовы аб медыйным супрацоўніцтве з такімі тэлеканаламі, як "Еўраспорт" і "Еўраньюс". Яны будуць ажыццяўляць інфармацыйнае асвятленне ўсіх спаборніцтваў у Мінску. Буйныя PR-агенцтвы Вялікабрытаніі, Германіі і Расіі таксама зацікаўленыя ў медыйным супрацоўніцтве.