Будаўніцтва трэцяй лініі сталічнага метрапалітэна выходзіць на новы ўзровень. Падземныя работы значна актывізуе новы тунэлепракладчы комплекс, які на тыдні запусцілі ў Мінску. Тэхніку коштам 8 мільёнаў еўра прывезлі з Францыі. Дарэчы, на такім жа абсталяванні рабілі і тунэль пад пралівам Ла-Манш,які звязаў паміж сабой Францыю і Англію. Сталічны метрабудаўнік-гігант вагой больш за паўтысячы тон і даўжынёй 70 метраў сёння задзейнічаны на работах ад станцыі «Вакзальная» ў напрамку «Юбілейнай плошчы».
Уладзімір Кухараў, першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама: "Мы ў горадзе надаём вельмі вялікую ўвагу будаўніцтву метро. Усе мы разумеем, што метро з'яўляецца самым надзейным відам транспарту. Сёння прыярытэты ўкладваюцца ў развіццё гэтага віду транспарту. У нас ёсць даручэнне Кіраўніка дзяржавы завяршыць будаўніцтва ў 18 годзе".
Дарэчы, менавіта да гэтага часу ў нашай сталіцы з'явяцца 4 новыя станцыі. Яны значна разгрузяць перасадачныя пункты першай і другой ліній мінскай падземкі.













