Дняпроўскі мост у Магілёве прыкладна праз паўгода стане новым

25 июня 2016

Кошт праекта - 300 мільярдаў рублёў. Асноўная мэта - не проста рамонт моста, а стварэнне сучаснай транспартнай развязкі. Шырыня павялічыцца да 24 метраў (сёння яна складае 17,8 метра), а даўжыня застанецца нязменнай – практычна 283 метры. Праводзіцца замена бетонных бэлек на сучасныя металаканструкцыі. У перспектыве мост імя Яшына ў Магілёве стане двухузроўневым, а на варце моста стануць дзве пары бронзавых ільвоў.

Расказвае Павел Савіцкі.

Рэканструкцыя моста імя Яшына ў Магілёве - адзін з самых маштабных будаўнічых праектаў у абласным цэнтры. Зараз тут ідзе рэканструкцыя левай паловы пуцеправода, працягваецца мантаж металічных канструкцый. Будаўнікі хутка пачнуць усталёўку дэкаратыўных абліцовачных пліт. Завяршальны этап - увязка арматурнага каркасу цэнтральнай часткі моста.

Колькасць палос для аўтамабільнага руху вырасце з 2 да 6. На мосце цалкам адновяць крайнія апоры. Рэканструкцыю аб’екта правядуць такім чынам, каб у перспектыве ён мог стаць двухузроўневым. Віраж пры павароце на мост з вуліцы Чалюскінцаў дасягне 300 метраў. Гэта дазволіць павялічыць хуткасць руху да 60 кіламетраў за гадзіну.

Чакае мост аднаўленне і ў эстэтычным плане. Цалкам заменяць асвятленне і агароджу. А ўпрыгожаць галоўную транспартную развязку Магілёва дзве пары бронзавых ільвоў.

Каб фігуры выглядалі максімальна натуральна, магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў звярнуўся па дапамогу да знакамітых дрэсіроўшчыкаў - братоў Запашных. У Маскве мастак на свае вочы пабачыў цара звяроў. Там жа зрабіў некалькі фотаздымкаў. Паралельна скульптар працуе яшчэ над адным ільвом, які з’явіцца на ўездзе ў горад. Бронзавы сімвал Магілёва будзе ў вышыню амаль 3 метры. Правобразам для яго стаў рэдкі леў-альбінос па мянушцы Джон.

Будаўнікі кажуць: пасля рэканструкцыі прапускная здольнасць моста павялічыцца на трэць, палепшыцца і экалагічная сітуацыя ў цэнтры Магілёва. А галоўнае - новая развязка зробіць рух камфортным для ўсіх.