Для жыхароў Гомельскай вобласці тыдзень быў багатым на культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы

9 ноября 2019
100-гадовы юбілей музея Палацава-паркавага ансамбля ў Гомелі, першы рэгіянальны конкурс «Маленькая прыгажуня» і адкрыццё стартап-пляцоўкі для маладзёжных ініцыятыў. Для жыхароў Гомельскай вобласці тыдзень быў багатым на культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы. Пра самыя значныя - у нашым дайджасце.

100-гадовы юбілей адзначае музей Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Дарэчы, размяшчаецца ён у гістарычным месцы. З 10-га да 13-га стагоддзяў тут быў дзядзінец, да 18-га – замак. Зараз - Палац Румянцавых і Паскевічаў. Ён лічыцца жамчужынай Палескага рэгіёна і з’яўляецца помнікам архітэктуры. З нагоды юбілею палац сабраў навукоўцаў на міжнародную канферэнцыю «Ад сядзібы да музейнага комплексу». На ёй прэзентавалі даследаванні гісторыкаў Беларусі і Расіі. 

Акрамя падзей, звязаных з гістарычным мінулым, у Гомелі праходзілі акцыі, прысвечаныя і планаванню будучыні. Што такое парламент, як выбіраюць дэпутатаў і якія пытанні яны вырашаюць? Аб гэтым расказалі падчас акцыі «Беларусь - краіна міру і згоды» актывісты міратворчага руху, прадстаўнікі дэпутацкага корпусу і сферы культуры. Сярод слухачоў - маладое пакаленне рэгіёна. 125 студэнтаў -удзельнікі маладзёжных грамадскіх рухаў і органаў вучнёўскага самакіравання. 

Яшчэ 150 юных актывістаў Гомельскай вобласці аб’яднаў форум «Лідары XXI стагоддзя: новы фармат». На тры дні падлеткі сталі ўдзельнікамі своеасаблівай школы лідара. Новыя веды атрымлівалі падчас інтэрактыўных гульняў і адкрытых дыялогаў. У ліку іх суразмоўцаў - актывісты буйных у Беларусі грамадскіх арганізацый. Дарэчы, кожны падлетак прыехаў сюды са сваімі ідэямі. Ператварыць іх у рэальныя праекты дапамогуць арганізатары форуму. Дарэчы, гэтая стартап-пляцоўка існуе ўжо 10 гадоў. І штогод па выніках форуму развіццё атрымліваюць прыкладна 25 новых праектаў. Сёлета перавагу аддалі ідэям, звязаным з валанцёрскай дзейнасцю.

Свае магчымасці на гэтым тыдні выпрабоўвалі і ўдзельніцы першага абласнога конкурсу «Маленькая прыгажуня - 2019». З 80 прэтэндэнтак узростам ад 8 да 10 гадоў у фінал трапілі 14 дзяўчат. 

Карону атрымала Валерыя Коршак з Жыткавіч. Аднак, паводле слоў арганізатараў, галоўнай задачай быў усё ж не мадэлінг, а выяўленне і падтрымка таленавітых дзяцей.