Дзіцячыя лагеры пачынаюць сезон

4 июня 2016

Каля 45 тысяч школьнікаў Віцебскай вобласці адпачнуць сёлета. Першымі стартуюць змены ў прышкольных і профільных аздараўленчых лагерах, затым - у загарадных і працоўных. Наш карэспандэнт Вольга Шмаргун ацаніла гатоўнасць лагера "Энергетык" у Віцебскім раёне.

Літаральна праз некалькі дзён пустыя пакуль тэрыторыі аздараўленчых лагераў напоўняцца дзіцячым гоманам. Зараз усе лагеры завяршылі падрыхтоўку і прайшлі праз прыёмку спецыяльнай камісіі цэнтра па аздараўленні. У Віцебскай вобласці сёлета адпачынак арганізуюць для 45-ці тысяч школьнікаў у загарадных, прышкольных, профільных і працоўных лагерах.

Лагер "Энергетык" рыхтуецца да свайго юбілейнага, пяцідзясятага сезона. У двух спальных корпусах яшчэ не выветрыўся пах свежай фарбы, тэрыторыя чыста прыбраная, без юных спартсменаў пакуль сумуе стадыён. Да сезона тут поўнасцю адрамантавалі корпус для малодшых атрадаў, замянілі вокны, набылі новую мэблю. Выкупіць пуцёўкі ў "Энергетык" спрабуюць нават расійскія турфірмы.

Юрый Воінаў калісьці бегаў па гэтых дарожках яшчэ хлапчуком. У "Энергетыку" адпачывалі яго дзеці. А зараз ён клапоціцца пра бяспеку ўсіх, хто прыязджае сюды на адпачынак.

Лагеры вобласці гатовыя да сезона на 90 працэнтаў. Засталіся дробязі. Дарэчы, сродкі на набыццё пуцёвак для дзяцей-інвалідаў, дзяцей са шматдзетных сем'яў, а таксама дзяцей непрацуючых інвалідаў і пенсіянераў часткова выдзяляюцца з абласнога бюджэту.

Ахоўваць пустую тэрыторыю мясцоваму вартаўніку Рэксу засталося зусім нядоўга. Пасля 10 чэрвеня пачнуць функцыянаваць усе 29 аздараўленчых лагераў Віцебскай вобласці.