Дайджэст вясенніх навін з Гродзенскага рэгіёна

11 марта 2017

Вясенняе надвор’е абудзіла прыроду і паклікала беларускіх птушак на радзіму. Гродзенскія арнітолагі зафіксавалі першых буслоў. Птушкі прыляцелі раней за звычайнае з Егіпта або Паўднёвай Еўропы. Каб птушкам з выраю было дзе з камфортам размясціцца, маладзёжныя актывісты змайстравалі шпакоўні. А вось супрацоўнікі заапарка Гродна пасля лячэння адпусцілі ў дзікую прыроду коршуна. А ў адным з мікрараёнаў абласнога цэнтра аб'ектам увагі сталі вавёркі. Дайджэст вясенніх навін з Гродзенскага рэгіёна.

Расказвае Дзмітрый Смірноў.

Вясна прыляцела ў прамым сэнсе. Арнітолагі заўважаюць у Гродзенскім рэгіёне ўсё больш птушыных. Данесліся з палёў першыя спевы жаўрукоў, шпакоў, а некалькі дзён таму назіральнікі пачулі і курлыканне буслоў. Гэта яшчэ не масавае вяртанне - яно звычайна адбываецца напрыканцы сакавіка. А ў Гродне некалькі птушак, хутчэй за ўсе, прыляцелі з выраеў у Паўднёвай Еўропе і Егіпце. Буслы маюць добры густ і зімуюць, у тым ліку, каля Шарм-эль-Шэйха.

Яшчэ адзін птушыны гук - клёкат - прагучаў нядаўна ў прыродным заказніку Азёры. Супрацоўнікі Гродзенскага заапарка адпусцілі на волю ястраба-цецерука. Птушка трапіла ў палон да мясцовых жыхароў. Пасля медыцынскага агляду драпежніка адвезлі за горад і дазволілі яму самастойна выбраць сабе новае гняздо.

Птушыныя гісторыі прадоўжылі школьнікі і студэнты падчас экалагічнай акцыі "Прылятайце ў Беларусь". Акрамя ўборкі тэрыторыі будучага гарадскога парку, моладзь змайстравала, размалявала і павесіла новыя шпакоўні. Арганізатары жартуюць, што дзякуючы чырвона-зялёнаму арнаменту птушкі не пераблытаюць напрамак.

І нарэшце, самыя мілыя відэакадры з Гродна. У ландшафтным парку Румлёва мясцовыя жыхары разбалавалі вавёрак – рыжыя госці настолькі прызвычаіліся да пачастункаў, што ў канкрэтны час нават спускаюцца з дрэваў на сцежкі. Між іншым, вавёркі з парку - сапраўдныя гурманы, іх любімы ласунак - грэцкія арэхі і фундук.