Дайджэст падзей усходняга рэгіёна

12 мая 2018

Геаграфія паставак прадукцыі магілёўскіх прадпрыемстваў пашырылася яшчэ на 8 краін. Школьнікі абласнога цэнтра ствараюць летапіс маленькіх вёсачак, якія ўвайшлі ў склад горада. І міліцыянеры напярэдадні Еўрапейскіх гульняў - 2019 пачалі вывучаць англійскую мову. Больш падрабязна - у дайджэсце падзей усходняга рэгіёна.

Расказвае Андрэй Ястрабаў. Багамы, Мадагаскар, Саудаўская Аравія. На атласе паставак прадукцыі магілёўскіх прадпрыемстваў з’явіліся яшчэ 8 краін. Тавары дрэваапрацоўкі, сельгастэхніка, газетная папера, шыны ўсё больш цікавяць замежнага пакупніка. Лідарства - за малочнай галіной: 90 тысяч тон прадукцыі паставілі за год. Ацанілі яе смак у новых для Беларусі краінах-партнёрах - Емене, Амане. Пробныя партыі накіравалі ў Малайзію. Першыя 2 тоны тавараў - у Нью-Ёрк.

І пашыраць вытворчасці. Напрыклад, гэтае магілёўскае прадпрыемства з-за прафіцытнага попыту на беларускія гасціныя і спальні ў Еўропе плануе павялічыць вытворчасць удвая. Будуць створаныя 200 новых працоўных месцаў.

У Год малой радзімы вучні і настаўнікі 19-й сярэдняй школы Магілёва выступілі ініцыятарамі стварэння летапісу маленькіх вёсачак, якія існавалі раней на месцы новага гарадскога мікрараёна Казіміраўка. Ён знаходзіцца на ўездзе ў абласны цэнтр з боку сталіцы. Згодна з дзяржаўнай праграмай рэканструкцыі, за некалькі гадоў гэты раён стане самым сучасным і камфортным. Школьнікі вырашылі захаваць гісторыю гэтых мясцін. І ўжо зрабілі першыя адкрыцці. Усе гэтыя гісторыі ў будучыні стануць тэмамі ўрокаў па краязнаўстве ў мясцовых школах.

Міліцыянеры, якія будуць задзейнічаныя ў ахове правапарадку падчас Еўрапейскіх гульняў, што прыме Мінск у 2019-м, пачалі вывучаць англійскую мову. Спецыяльныя курсы для атрада асобага прызначэння, унутраных войскаў і Дзяржаўтаінспекцыі – гэта дзве акадэмічныя гадзіны двойчы на тыдзень на базе Магілёўскага інстытута МУС. Слухачам трэба адпрацаваць 25 размоўных тэм і вывучыць прафесійную лексіку, якую павінен зразумець звычайны турыст.

А вось супрацоўнікі грамадскай бяспекі і крымінальнай міліцыі вывучаюць мову жэстаў. 30 чалавек на пальцах прагаворваюць алфавіт і фігуры маўлення. Турыстам, якія маюць праблемы са слыхам, яны таксама змогуць дапамагчы.