Дайджэст падзей усходняга рэгіёна

7 октября 2017

Свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі» Клічаў сустракае поўнасцю адноўленым. Яшчэ тры самыя аддаленыя аграгарадкі Хоцімскага раёна падключаны да прыроднага газу. А ў Шклоўскім раёне пабудаваны адзін з найпрыгажэйшых драўляных храмаў краіны.

Расказвае Андрэй Ястрабаў.

Клічаў сустракае абласное свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі” адноўленым. Расчыніла дзверы пасля рэканструкцыі школа мастацтваў, разлічаная на 300 вучняў. Набыты новыя інструменты для заняткаў. Упершыню тут арганізаваны цымбальны клас.

Новы выгляд набыў раённы Цэнтр культуры, дзе таксама створаны самыя камфортныя ўмовы для мясцовых талентаў. Адноўленымі сустракаюць свята і 18 шматкватэрных жылых дамоў. Здадзены для навасёлаў і 32-кватэрны дом для шматдзетных сем’яў і маладых спецыялістаў райцэнтра.

Амаль 70 аб’ектаў, у тым ліку гістарычнай часткі Клічава, набылі да свята “Дажынкі” новы сучасны выгляд, але ж маляры, зразумела, пастараліся захаваць мясцовы каларыт.

Яшчэ тры аграгарадкі Магілёўскай вобласці падключаны да прыроднага газу. Ён дайшоў да самых аддаленых населеных пунктаў усходняга рэгіёна - пасёлкаў Баханы, Енаполле і Бярозкі Хоцімскага раёна. Урачыстасці з сімвалічным запальваннем факела сабралі шмат вяскоўцаў. Пракладзена больш за 16 кіламетраў газаправода, 40 кватэр ужо падключаны да прыроднага газу, у перспектыве камфорт прыйдзе ў паўтысячы дамоў. На новы від паліва перавядуць і вытворчасць.

Новым этапам дзяржаўнай праграмы газіфікацыі і развіцця паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці стане падключэнне да прыроднага газу ў найбліжэйшы час пасёлка Татарка Асіповіцкага раёна.

У новым храме, пабудаваным у гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў пасёлку Заходы Шклоўскага раёна, прайшла першая служба. Правёў яе Архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. На ўзвядзенне храма і званіцы на месцы, дзе калісьці была царква, спатрэбіліся амаль тры гады. Само будаўніцтва вялося пры ўдзеле вернікаў і мецэнатаў. Новы храм стаў прыкладам захавання ў Беларусі традыцый драўлянага дойлідства, на што спатрэбілася звыш чатырохсот кубаметраў сасны. Да таго ж, ён стаў адным з самых высокіх у Магілёўскай вобласці, з крыжам - амаль 30 метраў.

Упрыгажэннем храма сталі 8 званоў знакамітай майстэрні Ільі Драздзіхіна. А таксама новыя абразы, напІсаныя ў Грэцыі на святой гары Афон і ў манастырах прападобных Сергія Раданежскага і Серафіма Сароўскага. У новую царкву прывезены і мошчы Свяціцеля Мікалая, якія будуць захоўвацца тут пастаянна.

А ў Бабруйску, які ў сваім творы “Залатое цяля” ўзгадалі калісьці Ільф і Пятроў, стала “размаўляць” бронзавая скульптура Шуры Балаганава - героя рамана. Побач з кампазіцыяй паставілі датчыкі руху. Калі да кампазіцыі набліжаецца чалавек, пачынае гучаць голас Шуры з вядомай кінастужкі. Такая сістэма будзе працаваць круглы год.