Дайджэст падзей Віцебскага рэгіёна

29 сентября 2018

У Віцебскай вобласці рэалізуецца буйны інвестпраект па ўзвядзенні сучаснага свінакомплексу. Першую чаргу ўжо здалі. Насяляюць яго свінкі элітных парод дацкай і галандскай селекцыі. Івесціруюць спонсары і ў будучыню нацыі. У Віцебскім дзіцячым доме на спонсарскія сродкі пабудавана сучасная футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём. Цяпер мясцовыя каманды маюць выдатныя ўмовы для трэніровак. Пра гэтыя і іншыя падзеі з жыцця паўночнага рэгіёна раскажа Вольга Маслоўская.

Ёркшыр, п'ятрэн, ландрас. Свіней элітных парод дацкай і галандскай селекцыі гадуюць у Чашніцкім раёне. Свінакоплекс у вёсцы Шаўкоўшчына - вынік рэалізацыі інвестпраекта. Занядбаную ферму па вырошчыванні буйной рагатай жывёлы мадэрнізавалі, а жывёлагадоўчы профіль змянілі. Зараз здалі першую чаргу рэканструкцыі, пакуль тут 8 тысяч галоў. У планах - 16 тысяч. Да заезду чарговай партыі жывёл рыхтуюць яшчэ адну пляцоўку. Аптымальная тэмпература, вільготнасць, асвятленне і патрэбная колькасць кармоў - усё пад кантролем аўтаматыкі.

У Гарадку здалі ў эксплуатацыю шматкватэрны дом. Узведзены ён ў маладым і перспектыўным мікрараёне. Саракакватэрны будынак вырас літаральна на вачах. Ад закладкі падмурка да ўводу ў эксплуатацыю прайшло каля 10 месяцаў. Генпадрадчыку - Шумілінскаму ПМК - удалося не толькі раней скончыць работы, але і зрабіць таннейшым квадратны метр, дзякуючы айчынным будаўнічым матэрыялам. У планіроўцы пяціпавярховага дома – 1- і 2-пакаёвыя кватэры. Будаўнікі папрацавалі і над іх аздабленнем.

У найбліжэйшы час у Гарадку пачнуць будаваць яшчэ адзін дом. Таксама частка земляў выдзелена пад індывідуальнае будаўніцтва.

У Лепелі адкрылі мемарыяльную дошку Аляксею Данукалаву. Камандзір партызанскай брыгады, Герой Савецкага Саюза падчас Вялікай Айчыннай вайны быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Віцебскай і Смаленскай абласцей. За гады вайны брыгада "Аляксея" разграміла звыш 20 варожых гарнізонаў, падарвала каля паўсотні цягнікоў, знішчыла тры сотні аўтамашын з жывой сілай і ваеннымі грузамі. Сімвалічна, што мемарыяльную дошку ўсталявалі ў райцэнтры на вуліцы, якая названа ў гонар Данукалава на будынку адной з гарадскіх школ.

У дзіцячым доме Віцебска адкрылі новую пляцоўку для заняткаў міні-футболам. Яна пабудавана за спонсарскія сродкі. Удзел у дабрачыннай акцыі "Рабі дабро!" прынялі больш за пяцьдзясят арганізацый і прыватных асоб. Новая пляцоўка для заняткаў міні-футболам адпавядае сучасным патрабаванням. Штучны газон, агароджа. Побач комплекс трэнажораў для развіцця сілы і вынослівасці.

Выхаванцы дзіцячага дома – фанаты мясцовага футбольнага клуба "Віцебск", часта падтрымліваюць гульцоў на трыбунах. Да таго ж яны самі арганізавалі дзве футбольныя каманды. Цяпер ёсць усе ўмовы для плённых трэніровак.

У Віцебскім заапарку новы насельнік. Белы самец ламы прыехаў з Санкт-Пецярбурга. Нягледзячы на высакароднае паходжанне, мянушка ў яго камедыйная - Лёлік. Пасяліўся ён у адным вальеры з самкай Мілкай, якая жыве ў заасадзе абласнога цэнтра не першы год. У ежы жывёлы не пераборлівыя. Рацыён іх складаецца з сена, садавіны, зерня.