Дайджэст падзей Магілёўскага рэгіёна

15 апреля 2017

У Магілёўскай вобласці да пасяўной далучылася сельгасавіяцыя. Таксама рэгіён арганізаваў кансультацыі па скайпе для людзей з праблемамі слыху, а мясцовы заасад папоўніўся дзівосным экзэмплярам, радзіма якога - Тыбет. Дайджэст падзей Магілёўскага рэгіёна.

Сабраць сёлета 1 мільён 300 тысяч тон збожжа - задача для аграрыяў Магілёўскай вобласці. Аднак, каб атрымаць такі важкі каравай, трэба спачатку ў тэрмін і якасна правесці пасяўную. Задзейнічаны 170 тысяч гектараў: яравыя лягуць у зямлю своечасова, запэўніваюць аграномы. Падтрымліваюць надзею на будучы ўраджай і азімыя. Цяпер галоўная задача - падкарміць іх угнаеннямі. Авіяцыя гаспадарак у дапамогу. Штодня над палямі рэгіёна кружаць сапраўдныя рарытэты - жоўта-блакітныя Аны, кожны з іх робіць па 36 рэйсаў. Зразумела, гэта нятанна. Аднак, напрыклад, у гаспадарцы “Зара” Магілёўскага раёна без авіяцыі летась не атрымалі б такую добрую ўраджайнасць - 62 цэнтнеры з гектара.

Новую паслугу пачалі аказваць у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва - кансультацыя людзей з парушэннямі слыху. Цяпер паведаміць аб сваёй праблеме і атрымаць аператыўную дапамогу яны могуць анлайн - праз скайп. Дастаткова звязацца са спецыялістам цэнтра, які валодае мовай жэстаў. Яна і ўрача дадому выклікае, і камунальнікаў.

У Клімавічаў цяпер ёсць свой ключ ад горада. Выплавілі яго з іншых ключоў, якія збіралі ўсім раёнам. У грамадскіх месцах паставілі спецыяльныя кантэйнеры, куды кожны мог пакласці свой. Каля 4 тысяч ключоў вагой амаль 25 кілаграмаў назбіралі жыхары Клімавічаў. Пакуль ключ ад горада захоўвае краязнаўчы музей. Аднак ёсць намер усталяваць яго ў мясцовым парку.

Новы і экзатычны жыхар пасяліўся ў Магілёўскім заасадзе - як па мянушцы Маруся. Яе абмянялі на ланяў у адной з прыватных бабруйскіх аграсядзіб. Арэал пасялення якаў звычайна - Паўночная Індыя, Непал, Кітай. Жывёліну яшчэ называюць тыбецкай каровай і выкарыстоўваюць у якасці гужавога транспарту. Яна добра ідзе на кантакт з чалавекам.

Зараз у Марусі насычаны рацыён - белы хлеб, зерне і мука. Хутка для новай экзатычнай жыхаркі пачнуць шукаць сябра.