Дайджэст падзей Магілёва

27 января 2018

У Магілёве дадзены старт Рэспубліканскаму патрыятычнаму і абаронна-спартыўнаму месячніку ДТСААФ. Новы рагаты наваселец з’явіўся ў магілёўскім заасадзе. Сёлета тут будзе створана не адна пара. І дзіўна, але факт - першая пасяўная прайшла ў Кіраўскім раёне. Падрабязнасці ў дайджэсце падзей усходняга рэгіёна.

У Магілёве стартаваў месячнік ДТСААФ. Прысвечаны ён векавому юбілею Узброеных Сіл Беларусі. Пачаткам шматлікіх мерапрыемстваў стала ўскладанне кветак да помніка палкоўніку Сямёну Куцепаву - герою абароны Магілёва падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гісторыя тых часоў згадваецца невыпадкова, бо спецыялісты, падрыхтаваныя менавіта ДТСААФ, унеслі велізарны ўклад у нашу перамогу. Ушанаваць іх памяць прыйшлі прадстаўнікі Беларускага саюза афіцэраў, ваенных маракоў, Магілёўскага гарнізона і юныя патрыёты, якія і сёння працягваюць слаўныя традыцыі сваіх дзядоў. Толькі летась таварыствам для Узброеных Сіл Беларусі падрыхтаваны звыш 3 тысяч спецыялістаў.

Іван Дырман, старшыня цэнтральнага савета ДТСААФ Беларусі: "Мы рыхтуем і вадзіцеляў, і лётчыкаў, і сувязістаў, і тэлеграфістаў. Мы робім усё, каб выканаць патрабаванні Кіраўніка дзяржавы, што мы павінны максімум вызваліць армію ад падрыхтоўкі тых спецыялістаў, якую можа зрабіць ДТСААФ".

Далучылася да свята і Магілёўскае кадэцкае вучылішча, дзе ветэранам таварыства ўручылі медалі “90 гадоў ДТСААФ”, яго секцыям - вінтоўкі, а таксама пагоны юным кадэтам і прысвоілі званні выдатнікам.

Маразы адступілі, а ў Магілёўскай вобласці прайшла першая пасяўная. На месяц раней, чым летась у грунт цяпліц сельгаспрадпрыемства “Рассвет” высаджана агародніна - 240 тысяч каліваў таматаў і 48 тысяч агуркоў. Дарэчы, ніякай хіміі ў барацьбе са шкоднымі насякомымі не выкарыстоўваюць. Змагацца беларускія аграрыі навучыліся з імі біялагічнай зброяй - таксама насякомымі, якія бяспечныя для людзей і раслін, і знішчаюць шкоднікаў. Таму і разлікі на ўраджай добрыя. Сёлета плануюць сабраць больш за 4 з паловай тысячы тонн агародніны.

Валянціна Цішкова, спецыяліст цяплічнага камбіната СВК «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага: "Расада моцная. Мяркуючы па тым, як выглядаюць нашы саджанцы, у нас ураджай павінен быць добры".

Марыя Бяляўская, галоўны тэхнолаг цяплічнага камбіната СВК «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага: "Агуркі ў нас з’явяцца дзесьці да 20 лютага. На 15 сакавіка ўжо першыя зборы будуць таматаў".

Ад надвор’я і сонечных дзён усё менш залежаць дзякуючы рассветаўскай біягазавай станцыі, якая перапрацоўвае адходы жывёлагадоўлі і выдае 3 з паловай тысячы кілават электрычнасці за гадзіну. Выкарыстоўваюць яе і для асвятлення цяпліц.

Як па мянушцы Мішка стаў новым жыхаром Магілёўскага заасада. Ён складзе пару з Марусяй, якую прывезлі сюды на пастаяннае месца жыхарства з паўгода таму. Паводле слоў адміністрацыі заасада, жывёліны як раз у такім узросце, калі можна думаць і пра папаўненне. На што і разлічваюць спецыялісты ўстановы. Дарэчы, трапіў Мішка ў Магілёў па абмене з прыватнага бабруйскага заапарка. Узамен падарылі лань.

Святлана Старавойтава, заатэхнік Магілёўскага заасада: "У працэсе сутак назіралі за іх паводзінамі. Яны знаходзіліся ў розных вальерах. Вельмі чакалі адно аднаго, бо жывёліны былі адзіночкі. І з першага погляду яны вельмі добра знайшлі кантакт і разам паводзяць сябе дружалюбна".

Сёлета пара, абяцаюць у заасадзе, з’явіцца і ў вярблюда. Тут паселіцца і цэлая сям’я паўночных аленяў. Набудуць і тыгрыцу для тыгра Арцёма.