Дайджэст падзей з усходняга рэгіёна краіны

14 октября 2017

Планавая праверка будаўнічых пляцовак у Магілёўскай вобласці. У аграгарадку Леніна ўшанавалі памяць загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пачынальнік беларускай керамікі Валерый Калтыгін адзначае свой юбілей новай выставай. Дайджэст самых яркіх падзей з усходняга рэгіёна краіны.

Месячнік бяспекі працы стартаваў у Магілёўскай вобласці. Яго мэта – своечасова выявіць парушэнні і папярэдзіць няшчасныя выпадкі на вытворчасці. Спецыяльныя рэйдавыя групы, у складзе якіх пажарныя, санітарныя інспектары, спецыялісты дэпартамента аховы працы, наведаюць будаўнічыя пляцоўкі. Асаблівая ўвага - мантажным працам, арганізацыі працы і адпачынку, а таксама ўмовам эксплуатацыі тэхнікі, кранаў.

Практыка правядзення такіх месячнікаў бяспекі сведчыць – колькасць парушэнняў у будаўнічай галіне скарацілася. І адпаведна і рызыка няшчасных выпадкаў.

74-ую гадавіну бітвы пад мястэчкам Леніна Горацкага раёна адзначылі ўрачыстасцямі. Менавіта тут 12 кастрычніка 1943 года прыняла бой Першая польская дывізія пехоты імя Тадэвуша Касцюшкі. 12 тысяч воінаў разам з чырвонаармейцамі прарвалі абарону фашыстаў і авалодалі вышынёй “215 і 5”. Паводле ўжо шматгадовай традыцыі ветэраны асацыяцыі Войска польскага, іх беларускія калегі, мясцовыя жыхары і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да помніка невядомаму салдату, мемарыялаў і пахаванняў.

Удзельнікі ўрачыстасцяў наведалі Музей савецка-польскай баявой садружнасці ў аграгарадку Леніна. Форма будынка нагадвае салдацкую каску. Пад купалам вышынёй 11 метраў сабраны рэчы воінаў, летапіс польскай дывізіі, увекавечаны назвы часцей, якія прымалі удзел у бітве пад Леніна. У наступным годзе музею споўніцца 50.

Да 80-годдзя аднаго з самых знакамітых і таленавітых мастакоў краіны, заснавальніка беларускай керамікі, уладальніка медаля Францыска Скарыны Валерыя Калтыгіна прысвечана юбілейная выстава. Майстар з Бабруйска сабраў у адзіную экспазіцыю свае любімыя творы. Нягледзячы на ўзрост, ён і сёння актыўны ўдзельнік шматлікіх міжнародных форумаў і нязменны аўтар знакамітага пленэра па кераміцы, вядомага як “АРТ-Жыжаль”. Фэст штогод збірае пад Бабруйскам мастакоў з усяго свету. Сваёй музай мастак па-ранейшаму лічыць толькі беларускую прыроду і застаецца прыхільнікам неардынарнасці.

Віншаванні майстру з нагоды юбілею перадалі калегі з Расіі і Азербайджана.

У Магілёў у самы вялікі храм абласнога цэнтра - Спаса-Праабражэнскі - дастаўлены часцінкі мошчаў блажэннай Матроны Маскоўскай. Сведкамі падзеі сталі сотні вернікаў, якія сабраліся на храмавай плошчы, каб першымі дакрануцца да каўчэга. Матрона Маскоўская - адна з самых вядомых і ўшанаваных святых. Лічыцца, што па яе малітвах адбываецца велізарная колькасць цудаў і вылячэнняў людзей. Цудадзейная сіла мошчаў блажэннай прызнаная Праваслаўнай царквой. Знаходзіцца ў Магілёве яны будуць да 27 кастрычніка.