Дайджэст падзей з усходняга рэгіёна Беларусі

16 декабря 2017

Новыя яслі-сад у Магілёве прынялі першых наведвальнікаў. У рабочы пасёлак Татарка Асіповіцкага раёна прыйшоў прыродны газ. А маштабным тэлемарафонам у Магілёўскай вобласці пачалася дабрачынная акцыя “Сагрэем дзіцячыя сэрцы”. Дайджэст падзей з усходняга рэгіёна Беларусі падрыхтаваў Андрэй Ястрабаў.

У Магілёве ў новым мікрараёне Казіміраўка ўрачыста адкрылі дзіцячыя яслі-садок. Разлічаны на 300 месцаў. Адначасова тут пачнуць працаваць 13 груп. У тым ліку санаторная. Медыцынскі блок прадугледжвае інгаляцыю, фізія- і святлолячэнне, масаж. Адкрыты музычная, спартыўная і танцавальная залы. Сучасная кухня. Для горада падзея стала пачаткам “эстафеты добрых спраў”, прымеркаваных да 80-годдзя Магілёўскай вобласці. А для навасёлаў мікрараёна - сапраўдным навагоднім падарункам.

Прынята рашэнне ўжо ў наступным годзе ў гэтым жа мікрараёне пачаць будаўніцтва і школы. Разлічанай на 1040 месцаў.

Прыродны газ прыйшоў у рабочы пасёлак Татарка Асіповіцкага раёна. Карыстацца ім атрымалі магчымасць жыхары адразу двух трохпавярховых дамоў. Працягласць газаправода склала 9,5 км, на яго будаўніцтва спатрэбілася каля мільёна рублёў.

Дарэчы, Татарка стала апошнім газіфікаваным рабочым пасёлкам краіны. У перспектыве – газіфікацыя амаль 400 уласных дамоў і 268 кватэр.

Маштабным тэлемарафонам у Магілёўскай вобласці распачалася дабрачынная акцыя “Сагрэем дзіцячыя сэрцы”. Арганізатарамі якога выступілі “Тэлерадыёкампанія “Магілёў” і Беларускі дзіцячы фонд. На працягу шасці гадзін у студыю прамога эфіру з падарункамі прыходзілі госці - прадстаўнікі сацыяльных устаноў, бізнесмены, дэпутаты. Разам з тэлегледачамі ўдалося сабраць каля 40 тысяч рублёў. Яны будуць накіраваны на аснашчэнне сэнсорных комнат Мсціслаўскага рэабілітацыйнага цэнтра, а таксама ў якасці адраснай дапамогі хворым дзеткам.