Дайджэст падзей з усходняга рэгіёна

22 июля 2017

У Магілёўскай вобласці з’явяцца новыя сумесныя беларуска-кітайскія прадпрыемствы. Пад Бабруйск на міжнародны фэст з’ехаліся майстры з усяго свету і ствараюць шэдэўры з керамікі. А яшчэ жыхарам Магілёва прапанавалі экскурс у свет нямога кіно. Дайджэст падзей з усходняга рэгіёна – да вашай увагі.

Экспарт прадукцыі прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці ў Кітайскую Народную Рэспубліку павялічыўся ўтрая і склаў звыш 8 мільёнаў долараў. І такія паказчыкі не мяжа - пра гэта ішла размова падчас візіту дэлегацый правінцый Хэнань і Цзянсу ў рэгіён. Наладжаны экспарт малочнай прадукцыі, ласункаў. Сёлета у Кітай адправяць больш за 200 тон сухога малака. Аднак у далёкай краіне цэняць не толькі нашы прадукты харчавання, але і якасць мэблі, лесаматэрыялаў, шын і лёну. Далей новы і больш высокі ўзровень партнёрства - падпісана пагадненне аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў. Гэта перапрацоўка ялавічыны разам з Магілёўскім мясакамбінатам і пастаўкі яе ў Кітай. А таксама вытворчасць грыбоў у Крычаве.

Да таго ж кітайскім партнёрам прапанавалі звярнуць увагу на прадукцыю дрэваапрацоўкі і магчымасць сумеснай вытворчасці металаканструкцый для мастоў, вагонаў. Рэгіён гатовы вызначыць і зямельныя ўчасткі для сумеснай вытворчасці лёну.

Міжнародны пленэр “АРТ-Жыжаль” сабраў на жывапіснай базе адпачынку “Вербкі” пад Бабруйскам лепшых майстроў керамікі. Больш за 20 мастакоў з 9 краін свету, у тым ліку з Беларусі, Расіі, Украіны, Індыі, Францыі і нават ЗША. Ад традыцый да сучаснасці – дэвіз пленэра не мяняецца на працягу 15 гадоў. Застаўся і сёлета. Галоўнымі тэмамі для натхнення стане флора і фаўна беларускай зямлі. А таксама некалькі тон гліны, з якой рукамі майстроў будуць створаны сапраўдныя шэдэўры.

Кульмінацыяй пленэра стане абпал твораў у печы пад адкрытым небам па старажытнай традыцыі, якую захавалі на беларускай зямлі. І абавязкова выстава работ майстроў.

Жыхарам Магілёва прапанавалі экскурс у свет нямога сінематографа канца XIX - пачатку XX стагоддзя. Адпаведная выстава адкрылася ў Музеі этнаграфіі. Экспазіцыя - а гэта відэа- і фотадакументы з выявамі першых зорак-акцёраў, іх рэчы, напрыклад, флаконы для духоў, біжутэрыя, а таксама рарытэтныя апараты для здымак, гісторыя першых спецэфектаў - прысвечана 125-годдзю расійскага і 90-годдзю беларускага кіно.

Зразумела, на выставе можна ўбачыць і самі стужкі і не толькі пра падзеі, але і першыя ігравыя фільмы, знятыя па сцэнарыі.