Дайджэст падзей Брэсцкага раёна

10 июня 2017

Праблему ачышчэння сцёкавых вод у Брэсце дапамогуць вырашыць еўрапейскія спецыялісты. На месцы будаўніцтва новага аэратэнка адбылася ўрачыстая закладка капсулы. Навукоўцы Палескага аграрна-экалагічнага інстытута знайшлі альтэрнатыву кукурузе, а аматары-весляры з розных куткоў краіны прынялі ўдзел у турыстычным фестывалі "Мотальская рэгата".

Падрабязнасці ў нашым дайджэсце. У Брэсце рэканструююць ачышчальныя збудаванні. Рэалізаваць маштабны праект узяліся чэшскія спецыялісты. Пачатак работ азнаменавала закладка сімвалічнай капсулы на будаўнічай пляцоўцы. Сцёкавыя воды горада трапляюць у Заходні Буг, а затым праз Віслу ў Балтыйскае мора. Таму вырашэнне экалагічнай праблемы патрабуе міжнароднага супрацоўніцтва. Фінансуецца праект за кошт еўрапейскіх банкаў і фондаў. Акрамя рэканструяваных старых збудаванняў, да 2019 года тут з’явяцца новыя аэратэнк і два другасныя адстойнікі.

Навукоўцы Палескага аграрна-экалагічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі знайшлі альтэрнатыву кукурузе. Пяты год спецыялісты праводзяць эксперымент і назіраюць за сільфіяй пранізаналістай. У Брэсцкай вобласці пад гэтую культуру адведзена амаль 20 гектараў зямлі на розных глебах. Навукоўцы зараз адпрацоўваюць тэхналогію вырошчвання сільфіі. Гэтая шматгадовая расліна не баіцца замаразкаў і засухі.

Больш за 20 каманд з Беларусі і Украіны вялі напружаную барацьбу за званне лепшага аматара-весляра падчас воднага фестывалю "Мотальская рэгата". Паміж сабой спаборнічалі экіпажы на байдарках і каноэ. Прычым як у адзіночным, так і ў камандным заліках. За два дні ўдзельнікі экстрэмальнага спаборніцтва пераадолелі амаль 50 кіламетраў па Ясельдзе, а таксама змаглі атрымаць асалоду ад палескіх пейзажаў.