Дайджэст рэгіянальных навін

25 июня 2016

Жартоўны пункт пропуску «Беларусь-Спорава» і амаль сапраўдныя мытнікі. Трапіць у гумарыстычную сталіцу можна толькі расказаўшы байку ці анекдот. А далей мітынг гумару, катанні на тарантайцы, конкурс жартаў, куплеты і частушкі. Так шумна і весела ў аграгарадку Спорава праходзіў юбілейны, 20 фестываль народнага гумару “Спораўскія жарты”.

Гусарскія палкі, казацкая конніца і пяхотны корпус вялікай арміі. На некалькі дзён конны клуб у Валожынскім раёне занялі салдаты, удзельнікі напалеонаўскіх войнаў. Тут адбыўся фестываль-рэканструкцыя «Залатая шпора - 1812». Расійскія і французскія гусары забаўлялі гледачоў акрабатычнымі нумарамі. У лагеры пяхоты прапанавалі прымераць салдацкі гардэроб. А гледачы-добраахвотнікі запісваліся ў батальён рэкрутаў.

Будзільнік – праз сацыяльныя сеткі. Цікавы інтэрнэт-праект стартаваў у Гродне. Скарыстацца паслугай можна абсалютна бясплатна. Дастаткова зайсці на сайт “будзільніка” і пакінуць заяўку. На просьбу адгукаюцца самі падпісчыкі - у вызначаны дзень і час яны будзяць тэлефонным званком. Кожны робіць гэта па-свойму: чытаюць вершы, спяваюць песні, а некаторыя проста жадаюць добрай раніцы.