Дайджэст рэгіянальных навін

26 марта 2016

Закладзены новы парк у гонар тысячагоддзя Брэста, Палескаму драматычнаму тэатру - 10 гадоў, а ў Гродзенскім заапарку завяршаюць зімоўку буслы. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

У Гомелі на беразе Сожа правялі абрад гукання вясны. Гэта адзін з самых жыццярадасных і аптымістычных народных беларускіх звычаяў, які мае глыбокія карані. Месца свята ўпрыгожваецца рознакаляровымі стужкамі і яркімі птушкамі, зробленымі з нітак, тканіны і любога іншага матэрыялу. Гуканне вясны - свята не толькі яркае, але і вельмі музычнае: дзяўчаты гучна выконваюць песні-вяснянкі. Дарэчы, у гэтага абраду няма выразнага плана дзеяння, галоўнае - весяліцца, спяваць і радавацца жыццю.

Рыхтуюцца да веснавога цяпла і буслы ў Гродзенскім заапарку. Больш за 20 птушак зімавалі тут, трапіўшы сюды па розных прычынах. Напрыканцы сакавіка белыя птушкі вернуцца ў дзікую прыроду і папоўняць кампанію буслоў, якія ўжо вяртаюцца з выраю.

Новы парк у гонар тысячагоддзя горада закладзены ў Брэсце. Першыя 80 дрэў пасадзілі брэсцкія школьнікі і студэнты. Клёны, ліпы, дубы і каштаны… Усяго будзе высаджана паўтары тысячы зялёных насаджэнняў. Месцам для будучага парку абрана былая пустэча ў раёне новай забудовы Брэста. Згодна з планам, тут з’явяцца пешаходныя дарожкі, лавачкі для адпачынку, асвятленне. Ужо сёння ідзе будаўніцтва царквы ў гонар Раства Хрыстовага. З самага высокага пункту паркавай тэрыторыі адкрываецца від на ўвесь мікрараён.

Дзесяцігадовы юбілей адзначыў Палескі драматычны тэатр. Прафесійны тэатр у Пінску пачаў працаваць на базе тэатральнай студыі «Дыяген». За 10 гадоў калектыў тэатра падрыхтаваў 38 прэм’ерных спектакляў для дарослых і больш за 40 - для дзяцей. Зараз трупа рыхтуецца да ўдзелу ў V Міжнародным тэатральным фестывалі “Смаленскі каўчэг”. Падчас яго будзе паказаны спектакль “Сабакі” паводле п'есы Канстанціна Сергіенкі ў пастаноўцы Паўла Марыніча. А яшчэ ў планах - стварэнне ўласнага фестывалю тэатраў малых форм.