Дайджэст рэгіянальных навін

17 декабря 2016

У Гомелі прапануюць паслугу «Бабуля на гадзіну», парад Дзедаў Марозаў прайшоў у Гродне, а ў Мінску ёлачныя цацкі з усіх кантынентаў. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

Гомель

Незвычайную паслугу пад назвай «Бабуля на гадзіну» прапануюць у Гомелі. Скарыстацца ёю могуць шматдзетныя і няпоўныя сем'і, а таксама бацькі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў або проста не маюць бабуль і дзядуль. Валанцёры -  пенсіянеры з цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. “Бабуля на гадзіну” можа забраць дзіця з садка ці школы, зрабіць з ім урокі і нават прыгатаваць абед, пакуль бацькі на працы. Прычым бясплатна. Зараз такую паслугу аказваюць толькі ў адным з раёнаў Гомеля. Дарэчы, цікавасць да праекта сталі праяўляць і мужчыны. Магчыма, хутка ў штаце валанцёраў з'явяцца і дзядулі.

Віцебск

Як спадабацца Дзеду Марозу і прынесці карысць прыродзе. Навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа вырашылі гэту дылему і правялі конкурс-дэфіле незвычайных навагодніх касцюмаў. Уборы феям, дамавікам і прынцам пашылі не з тканіны і футра, а з газет і цэлафанавых пакетаў. Конкурс навагодніх касцюмаў у каледжы - даўняя традыцыя. Рыхтуюцца да яго вучні і выкладчыкі цэлымі сем'ямі. Самаму маленькаму герою сёлетняга навагодняга паказу ўсяго паўтара года.

Мінск

Ёлачныя цацкі з усіх кантынентаў - у Мінску. Вернісаж навагодніх упрыгажэнняў  адкрыўся ў Доме-музеі РСДРП і аб'яднаў сотні мініяцюрных шэдэўраў. У экспазіцыі - цацкі ад індзейцаў далёкай Амазонкі, зробленыя з раслін дажджавых лясоў Перу, індыйскія - з бісеру і кітайскія - з паперы. На стэлажы  і рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса - дакладная копія цацкі, падоранай Папу Рымскаму Іаану Паўлу II. Усе экспанаты  з прыватнай калекцыі, жамчужынай якой стала самае вялікае шкляное ўпрыгажэнне - шар з Венскага балю.

Гродна

Казачны парад Дзедаў Марозаў прайшоў у Гродне. Пераднавагодняе шэсце, якое для горада над Нёманам стала традыцыйным, сёлета адбылося з беспрэцэдэнтнай колькасцю ўдзельнікаў – каля 600 чалавек. Казачны парад стартаваў з плошчы Савецкай, прайшоў па цэнтральнай вуліцы горада да фінішу – плошчы Леніна.  Некалькі кіламетраў навагоднія персанажы пераадолелі пешшу, выключэнне было зроблена толькі для галоўнага Дзеда Мароза і Снягуркі. За імі ішлі ганаровыя госці сёлетняга свята – Дзед Мароз з Самалі, Снягурка з Кітая ў кампаніі гномаў. Завяршылася шэсце запальваннем агнёў на галоўнай ёлцы горада, разам з якой заззяла ўся гарадская  ілюмінацыя.