Па Віцебску - з компасам. Старыя прадметы гуказапісу выставілі ў музеі. Мінск рыхтуецца прынЯць чэмпіянат Усходняй Еўропы па цырульніцкім мастацтве. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.
ВІЦЕБСК
Імправізаваць і не збіцца з маршруту. У Віцебску прайшлі спаборніцтвы па паркавым арыентаванні. Кантрольныя пункты з дапамогай карты і компаса шукалі 30 каманд з гарадоў і райцэнтраў вобласці. Удзельнікі квэсту - моладзь і вопытныя спартсмены. Кіламетры дыстанцыі спрынтары пераадольваюць амаль за дзве гадзіны. Потым - падвядзенне вынікаў. З заданнямі справіліся ўсе, але пераможная колькасць балаў у скарбонцы спартсменаў з Наваполацка. На другой і трэцяй прыступках п'едэстала - віцебскія і глыбоцкія марафонцы.
ВІЦЕБСК
У Віцебску адкрылася выстава старых прадметаў гуказапісу. Экспазіцыя прыватнай калекцыі налічвае больш за 60 машын музычнага рэтра. Ад фанографаў Томаса Эдысана да грамафонаў і партатыўных патэфонаў першай паловы XX стагоддзя. Ёсць і гуканосьбіты - васковыя цыліндры і грампласцінкі. Кожны экспанат у рабочым стане, таму наведвальнікі незвычайнай выставы могуць не толькі палюбавацца рарытэтам, але і паслухаць яго. Спецыяльна для гэтага ў музеі прыватных калекцый ладзяцца працяглыя, 40-хвілінныя, экскурсіі.
МІНСК
Футурыстычныя формы і лініі, эпатажныя локаны - усю прыгажосць і разнастайнасць прычосак у гэтыя дні можна было ўбачыць у Мінску. Міжнародны фестываль аб'яднаў паўтысячы прафесійных цырульнікаў. Сваё майстэрства яны дэманструюць у дзевятнаццаці намінацыях: "Фігурная стрыжка", "Модная ўкладка", "Цікавыя кампазіцыі"… За дзевяць гадоў фестываль значна пашырыў геаграфію. Cярод удзельнікаў - прафесіяналы з Арменіі, Грузіі, Расіі, Украіны. А Мінск сёлета рыхтуецца прыняць чэмпіянат Усходняй Еўропы па цырульніцкім мастацтве.













