Дайджэст навін рэгіёнаў

5 марта 2016

Лепшы педагог дадатковай адукацыі Мінскай вобласці працуе ў Слуцку, сталіца правядзе жаночы лёгкаатлетычны прабег, а на выставе ў Брэсце паказалі закаханых катоў. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

СЛУЦК

У Мінскай вобласці выбралі лепшага педагога дадатковай адукацыі. У конкурсе ўдзельнічалі прадстаўнікі ўсіх раённых цэнтраў дзіцячай творчасці і аб'яднанняў па інтарэсах. Пераможца і лаўрэаты абласнога агляду-конкурсу прадставяць Цэнтральны рэгіён на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства.

МАГІЛЁЎ

Студэнты Магілёўскага дзяржуніверсітэта вывучаюць у школе актыву “Лідар” уплыў Інтэрнэту на інфармацыйную прастору і жыццё чалавека. Згодна з даследаваннямі, найбольш папулярнай крыніцай інфармацыі застаецца тэлебачанне, але трэцяе месца ўжо занялі сацыяльныя сеткі. Не меншую цікавасць выклікаў у студэнцкіх лідараў і перапынак на семінары. Замест кавы на ім падавалі дранікі і толькі пасля правільнага адказу на пытанні пра родную мову і літаратуру, гісторыю і сучаснасць Беларусі.

МІНСК

Сталіца рыхтуецца да свята 8 Сакавіка. У аранжарэях вырасцілі паўсотні тысяч руж і амаль 80 тысяч цюльпанаў. Жоўтыя, чырвоныя, фіялетавыя, яны будуць ствараць святочны настрой. Фларысты адзначаюць, што ў гэтым сезоне ў букетах з жывымі кветкамі папулярна спалучаць галінкі ягад і нават салодкія пачастункі. Акрамя аромападарункаў, павіншаваць прыгожы пол можна hand-made-сувенірамі, ювелірнымі ўпрыгажэннямі і нават ілюстраваным скетчам. Падчас святочнага ўік-энду ў сталіцы адбудуцца жаночы лёгкаатлетычны прабег, музычныя канцэрты, а ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны пройдзе эксклюзіўная рэтра-фотасесія.

БРЭСТ

Надыход вясны і Міжнародны дзень кошак у Брэсце адзначылі выставай "Закаханыя каты". Тут можна было не толькі палюбавацца на экспанаты, але і выбраць сабе пушыстых кампаньёнаў. У экспазіцыі - карціны, скульптуры, фатаграфіі, вышыўкі. Галоўныя героі ўсіх работ - каты ў розных тэхніках і жанрах. Акцыя ў гонар адкрыцця выставы стала сапраўднай одай пушыстым і вусатым сябрам чалавека. Яе ўдзельнікі спявалі, чыталі вершы і ладзілі конкурсы на лепшыя выявы каціных. А яшчэ гасцей вернісажу частавалі гарачым чаем з валяр’янай і бутэрбродамі з ліверкай - любімымі ласункамі вусатых.