Дайджэст навін рэгіёнаў

19 марта 2016

Наваселле вялікай сям’і ў Пінскім раёне, Гомель сабраў лепшых цырульнікаў, а ў Мінску малююць сакавіцкіх катоў. Падрабязнасці ў нашым дайджэсце.

ПІНСКІ РАЁН

У Пінскім раёне на тыдні адкрылі дзіцячы дом сямейнага тыпу. Навасельцы - вялікая і дружная сям’я Урбановіч - абжываюць прасторы двухпавярховага катэджа. Сёння ў сям’і педагога са стажам Наталлі на выхаванні двое хлопчыкаў і пяць дзяўчынак ва ўзросце ад 4 да 15 гадоў. Дарэчы, сёлета ў вобласці плануецца пабудаваць чатыры дзіцячыя дамы сямейнага тыпу у Брэсце, Баранавічах, Жабінкаўскім і Ганцавіцкім раёнах.

ГОМЕЛЬ

"Залатая пралеска" заквітнела ў Гомелі. Фестываль прыгажосці і прафесійнага майстэрства сабраў больш за 90 майстроў-цырульнікаў і нэйл-дызайну, а таксама візажыстаў з усёй краіны. Гомельскі фестываль, бадай, адзін з самых яркіх у Беларусі. Канкурсанты паказалі свае работы: модныя, крэатыўныя, подыумныя і, вядома, вясельныя ўкладкі - усяго 20 намінацый. А эксперыментальныя тату-стрыжкі здзівілі нават строгае журы.

МАГІЛЁЎ

"Фламенка творчай прасторы”. Пад такой назвай у Магілёве адкрылася выстава мастакоў Конанавых. Падзею можна лічыць культурным адкрыццём для абласнога цэнтра. Упершыню ў адной зале сабраныя творчыя работы кожнага з членаў таленавітай сям’і прафесійных мастакоў. Жывапіс і скульптура. Розныя стылі, розныя жанры, розныя пачуцці, працятыя духам танца фламенка. Мастакі не спрачаюцца паміж сабой, яны ствараюць мастацтва, кожны сваё.

МІНСК

Магчымасць праявіць мастацкія здольнасці і стварыць карціну ўласнага аўтарства прапаноўваюць мінчанам. Вобразы сакавіцкіх катоў - апошні трэнд такіх мастацкіх сустрэч. Звычайна працэс разбіваюць на некалькі этапаў: накідваюць контуры, прамалёўваюць дэталі і потым наносяць фарбы. Энтузіясты збіраюцца ў адным са сталічных кафэ два разы на тыдзень. Сярод найбольш папулярных тэм - творчасць Ван Гога, абстракцыя і, вядома ж, сакавіцкія каты.