Дайджэст навін рэгіёнаў

11 февраля 2017

 Гродна

На гэтым тыдні Гродна стаў цэнтрам духоўнага прыцяжэння. Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі Дабравест" сабраў 38 харавых калектываў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Румыніі, Сербіі і Арменіі. Традыцыйна ў фестывалі ўдзельнічаюць царкоўныя хары і ансамблі, хары свяшчэннаслужыцеляў і духоўных школ, свецкія калектывы. За 16 год існавання ўнікальнае свята стала не толькі візітнай карткай Прынёмання, але і адным з вядучых фестываляў свету.

Віцебск

Аповед пра Максіма Багдановіча на сцэне Коласаўскага тэатра. Свой погляд на феномен вядомага беларускага класіка трупа паказала ў першай прэм’еры гэтага года. У выкананні коласаўцаў прагучалі вершы і роздумы Багдановіча. Над пастаноўкай працавалі вядучыя майстры сцэны. Дарэчы, сёлета тэатр рыхтуе яшчэ шэсць новых спектакляў.

Брэст

Жыццё беларуска-польскага памежжа праз фотаздымкі, зробленыя на пачатку ХХ стагоддзя. У Брэсце адкрылася выстава пад назвай Albom.pl, экспанатамі якой сталі фотаздымкі з асабістых архіваў і прыватных калекцый жыхароў сямі вёсак прыгранічча на тэрыторыі Польшчы і Беларусі. Усяго 160 выяў, знойдзеных падчас экспедыцыі гісторыкаў і журналістаў пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Польшчы. Выставу ўжо паспелі ўбачыць у Варшаве, Беластоку, Мінску.